Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/23/916828_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 14:36
23.08.2017 13:35 Грамадства

Мінчане працягваюць збор подпісаў супраць забудовы бульвара па вуліцы Каліноўскага

Мінск, 23 жніўня. Мінчане працягваюць збор подпісаў супраць забудовы бульвара па вуліцы Каліноўскага, нягледзячы на тое што Мінгарвыканкам лічыць яе абгрунтаванай, паведамляе прэс-служба грамадскай ініцыятывы "Экаград".

"Дэталёвым планам абгрунтаваная магчымасць размяшчэння шматкватэрных жылых дамоў на азеляненне тэрыторыі ўздоўж вуліцы Каліноўскага", — гаворыцца ў лісце Мінгарвыканкама ад 21 жніўня, які атрымала ініцыятыўная група.

Як паведамлялася раней, праект ушчыльнення забудовы па вуліцы Каліноўскага ў Мінску быў адпраўлены на дапрацоўку. Такі вынік пасяджэння камісіі па выніках праведзенага з 1 па 25 ліпеня ў Першамайскім раёне грамадскага абмеркавання горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах Лагойскага Тракту, вуліц Сядых, Кедышкі, Славінскага і паўночнай мяжы ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны.

У асаблівых меркаваннях члены камісіі па абмеркаванні праекта адзначылі, што неабходна правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне пасля дапрацоўкі праекта, хоць ініцыятыўная група настойвала на поўным адхіленні праекта. За час абмеркавання пададзена пяць пісьмовых зваротаў (5.743 подпісы), 14 электронных зваротаў, а таксама зроблены 271 запіс у часопісах рэгістрацыі заўваг і прапаноў.

Як адзначыла прэс-служба, з ліста Мінгарвыканкама становіцца вядома, якія менавіта змены плануецца ўнесці ў адпраўлены на дапрацоўку праект ушчыльнення забудовы па вуліцы Каліноўскага, які атрымаў грамадскі рэзананс. "Асноўныя паказчыкі дэталёвага плана прыведзеныя ў адпаведнасць з аб`ёмамі новага жыллёвага, грамадскага і вытворчага фонду, магчымымі да засваення (рэалізацыі) у перыяд дзеяння горадабудаўнічай дакументацыі (на разліковы тэрмін — да 2030 года)", — гаворыцца ў адказе актывістам.

Акрамя шматкватэрнага жылля прадугледжана пабудаваць дзіцячую дашкольную ўстанову на 75 месцаў, а таксама рэканструяваць існуючыя дзіцячыя сады з павелічэннем іх ёмістасці на 45 месцаў кожны. Праблему загружанасці паліклінік вырашана выправіць, павялічыўшы ўмяшчальнасць запраектаванай амбулаторыі (разлічана на 300 наведванняў у змену).

"Разам з тым прапанова жыхароў мікрараёнаў Зялёны Луг і Усход аб захаванні азялененай тэрыторыі ўздоўж вуліцы Каліноўскага, якую падтрымалі амаль 6 тысяч мясцовых жыхароў, не ўлічаная, гэтак жа як не улічаны і недахоп спартыўных пляцовак у раёне. Як вынікае з атрыманага адказу, тэрыторыя ўздоўж вуліцы Каліноўскага "не адпавядае статусу бульвара" і адсутнічае ў распрацаванай схеме ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый", — адзначыла прэс-служба "Экаграда".

Аднак мясцовыя жыхары не маюць намеру адступацца і пачалі збор подпісаў пад электроннай петыцыяй да Мінгарвыканкама аб стварэнні на азялененай тэрыторыі ўздоўж вуліцы Каліноўскага сквера імя першага прэзідэнта Беларусі і размяшчэнні ў ім спартыўных, дзіцячых пляцовак і пляцовак для варкаўта.

Як адзначыла прадстаўніца ініцыятыўнай групы Людміла Бяляева-Гундорына, месца для такога сквера прапанаванае жыхарамі не выпадкова. "І Кастусь Каліноўскі (у гонар якога названая вуліца) і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — знакавыя асобы ў фарміраванні незалежнай Беларусі ў розныя этапы яе гісторыі. Усім вядомая папулярызацыя прэзідэнтам здаровага ладу жыцця і яго падтрымка даступнага спорту для дзяцей і моладзі. Таксама немалаважным з`яўляецца і той факт, што з вуліцы Каліноўскага адкрываецца від на царкву Усіх Святых, да якой кіраўнік дзяржавы таксама не абыякавы", — лічыць актывістка.

Падпісаць петыцыю можна па адрасе https://petitions.by/petitions/980. Пад ёй ужо сабрана больш за 100 подпісаў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239