Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/23/916850_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 12:24
23.08.2017 14:14 Эканоміка

Намеснік міністра энергетыкі: Корпус рэактара для другога энергаблока даставяць на Беларускую АЭС у верасні

Мінск, 23 жніўня. Корпус рэактара для другога энергаблока даставяць з Расіі на Беларускую АЭС у верасні, паведаміў 23 жніўня ў Астраўцы журналістам намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

"Сёлета восенню мы павінны пачаць мантаж абсталявання рэактарнай устаноўкі на другім энергаблоку. Корпус рэктара павінен прыбыць у верасні, да канца гэтага года пачнем яго мантаж", — цытуе Міхадзюка дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго слоў, на першым энергаблоку корпус рэактара і ўсе чатыры парагенератары ўжо зманціраваныя. Завяршылася зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода першага энергаблока — "гэта ключавая падзея для падрыхтоўкі да запуску першага блока".

Паводле слоў намесніка міністра, усе кантракты на пастаўку асноўнага абсталявання падпісаныя, значная частка ўжо адпраўленая расійскімі заводамі-вытворцамі ў Астравец. "Абсталяванне для АЭС праходзіць шматступенны кантроль якасці на ўсіх этапах вытворчасці і непасрэдна пры паступленнi на пляцоўку станцыі", — падкрэсліў Міхадзюк.

Чыноўнік таксама паведаміў, што ў будаўніцтва Беларускай АЭС ужо ўкладзена каля 2,7 млрд долараў. Ён нагадаў, што расійскі бок таксама выдзеліў Беларусі дзяржаўны экспартны крэдыт да 10 млрд долараў для фінансавання 90% кошту кантрактаў па будаўніцтве АЭС.

Станцыя ў Астраўцы ўзводзіцца расійскім бокам пад ключ, генеральным падрадчыкам выступае АТ "Атамстройэкспарт". Для рэалізацыі праекта з расійскім бокам падпісаныя міжурадавыя пагадненні, у тым ліку аб супрацоўніцтве ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах, у будаўніцтве атамнай электрастанцыі, у сферы ядзернай бяспекі.

Кажучы пра графік будаўніцтва, намеснік міністра адзначыў, што планы ўвесці першы энергаблок у 2019 годзе, другі — у 2020-м сёння пацвярджаюцца "Расатамам".

Паводле інфармацыі прэс-службы Мінэнерга, па выніках працы за першае паўгоддзе 2017 года пры збудаванні Беларускай АЭС выканана работ па генеральным кантракце на 281,9 млн долараў ЗША.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239