Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/24/916987_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 11:19
24.08.2017 15:02 Грамадства

Міністр адукацыі прапаноўвае выпускныя экзамены за курс сярэдняй школы ў Беларусі замяніць комплексным агульнаадукацыйным тэстам

Мінск, 24 жніўня. Міністр адукацыі Ігар Карпенка прапануе выпускныя экзамены за курс сярэдняй школы ў Беларусі замяніць комплексным агульнаадукацыйным тэстам. Пра гэта ён заявіў на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета 24 жніўня ў Мінску.

"Сучаснай формай, якая дазваляе аб'ектыўна ацаніць узровень ведаў студэнта, можа выступіць комплексны агульнаадукацыйны тэст", — цытуе Карпенку дзяржаўнае агенцтва  БелТА.

Ён звярнуў увагу, што на практыцы фіксуюцца неадпаведнасці паміж сярэднім балам атэстата і вынікам ЦТ. Міністр лічыць, што збольшага з-за гэтага паўстала дыскусія з нагоды магчымасці вяртання да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў, якую 15 гадоў таму змяніла дзесяцібальная. "Нам трэба глыбока і дэталёва прааналізаваць перавагі і недахопы кожнай з іх", — сказаў ён.

Міністр таксама паведаміў, што настаўнікаў у Беларусі могуць абавязаць інфармаваць наймальнікаў аб заняцці рэпетытарствам. Паводле слоў міністра, выбарачны аналіз сітуацыі паказаў, што выкладчыкі, якія былі задзейнічаныя ў прыёмных кампаніях у ВНУ, уступных выпрабаваннях у гімназіі, адначасова з'яўляліся і рэпетытарамі. "А ці гэта не прыхаваная форма карупцыі? — задаўся пытаннем Карпенка. — Для выключэння магчымых канфліктаў інтарэсаў і карупцыйных рызык ва ўстановах адукацыі міністэрства прапануе ўнесці ў кантракты норму аб тым, што педагог абавязаны інфармаваць наймальніка аб ажыццяўленні ім дзейнасці ў якасці рэпетытара". "Настаўнік, які не імкнецца эфектыўна выкарыстоўваць кожную хвіліну урока, каб вучыць і выхоўваць дзіця, хутчэй за ўсё зацікаўлены ў тым, каб прапанаваць не падтрымліваючыя заняткі, а паслугі рэпетытара", — лічыць кіраўнік ведамства.

Карпенка раскрытыкаваў гімназічную адукацыю за неабгрунтаваную, на яго думку, элітарнасць. "Сёння на практыцы навучанне ў гімназіі — гэта не выбар вучня, а хутчэй, амбіцыі бацькоў", — заўважыў міністр. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі вучань не паступіў у гімназію, здаўшы экзамены на дзевяць балаў. На думку Карпенкі, "такі стрэс нічым не апраўданы". "Агульнаадукацыйная школа мае такое ж права, як і гімназія, ліцэй на выяўленне і далейшае навучанне адораных і матываваных навучэнцаў. Сумесна з педагогамі-практыкамі неабходна выпрацаваць крытэрыі такога адбору", — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, гэта будзе адпавядаць прынцыпам сацыяльнай справядлівасці і роўнадаступнай агульнай сярэдняй адукацыі "ў процівагу элітарнасці гімназічнай адукацыі, якая намецілася". Міністр лічыць, што трэба зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да якасці адукацыі ў гімназіях з улікам прафілізацыі. "Яе варта звязваць не з уступнымі выпрабаваннямі ў пяты клас гімназіі, а са свядомым выбарам школьнікам прафесіі. А гэта магчыма ў старэйшым узросце", — адзначыў Карпенка.

У цэлым цяперашнюю структуру сістэмы адукацыі неабходна ўпарадкаваць. Так, у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 15 відаў устаноў. Пры гэтым асаблівую ўвага міністэрства засяроджаная на гімназіях, з 210 на слыху некалькі дзясяткаў, сказаў міністр.

Таксама, сказаў ён, у Беларусі прапануецца праводзіць незалежную атэстацыю выпускнікоў базавай школы. Ён праінфармаваў, што цэнтрам, якія забяспечвае фарміраванне ў краіне сістэмы незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, павінна стаць агенцтва па кантролі ў сферы адукацыі. Яно будзе створанае шляхам аб'яднання падпарадкаваных Міністэрству адукацыі структур.

Акрамя гэтага, у сістэме прафесійнай адукацыі Беларусі прапануецца захаваць адзін від устаноў — каледж. Ён будзе рэалізоўваць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, растлумачыў міністр.

На ўзроўні вышэйшай адукацыі аптымальным міністэрству бачыцца падыход, пры якім на першай ступені (бакалаўрыят) забяспечваецца падрыхтоўка спецыялістаў з прысваеннем кваліфікацыі, на другой (магістратура) — паглыбленая падрыхтоўка, якая дазволіць падрыхтаваць прафесіяналаў, здольных вырашаць задачы праектавання, канструявання і кіравання. "Гэта дазволіць магістрам займаць пасады навуковых супрацоўнікаў", — дадаў Карпенка. Па найбольш складаных навукаёмістых спецыяльнасцях, такіх як медыцына, ядзерная энергетыка, падрыхтоўка будзе весціся па бесперапынных адукацыйных праграмах з 5-6-гадовым тэрмінам навучання.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239