Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/24/916999_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 12:21
24.08.2017 16:59 Грамадства

Лукашэнка сумняваецца ў неабходнасці вяртання да пяцібальнай сістэмы адзнак

Мінск, 24 жніўня. Аляксандр Лукашэнка сумняваецца ў неабходнасці вяртання ў Беларусі да пяцібальнай сістэмы адзнак. Пра гэта ён заявіў 24 жніўня на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета ў Мінску, адказваючы на пытанні педагогаў падчас дыскусіі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Рашэнне трэба прымаць тады, калі яно наспела. Вось яно лямантуе, кажучы словамі паэта. Вось праблема крычыць. Так, я чую ў сродках масавай інфармацыі, бачу, чытаю, адсочваю працэс. Але гэтае пытанне не мае крытычнай масы, яно не наспела для таго, каб тут прымаць нейкія рашэнні", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што да сістэмы адзнак ставяцца па-рознаму: старэйшае пакаленне прызвычаілася да пяцібальнай, і зараз яму даводзіцца пераводзіць адзнакі на стары лад, а моладзь ужо даўно навучаецца па дзесяцібальнай, і для яе тут няма праблем.

"Шмат бацькоў за дзесяцібальную сістэму: прывыклі, ім нармальна, некаторыя асабліва і не ўнікаюць у гэта. Але большасць, я так адчуваю, усё-ткі схільныя да пяцібальнай: было прасцей. Але справа ж не ў прастаце, а ў эфектыўнасці той ці іншай сістэмы. Таму я лічу, што пытанне аб вяртанні да пяцібальнай сістэмы або пытанне пакідання дзесяцібальнай сістэмы некалькі перабольшанае ў гэтым выпадку і не мае крытычнай масы, каб было трэба прымаць рашэнне. Пажывем — пабачым. Думаю, гэта не вельмі ўплывае на імкненне нашых дзетак мець добрыя веды", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка прызнаўся, што цікавіўся і меркаваннем свайго малодшага сына Мікалая па гэтым пытанні. Ён адказаў, што гэтая сістэма нармальная, і да яе ўжо ўсе прывыклі. "Таму з усіх пунктаў, з усіх каардынатаў, якія мне як прэзідэнту атрымліваецца атрымаць, я раблю выснову, што нам спяшацца не трэба, трэба паглядзець, дзесьці гэтую сістэму страсянуць, калі мы бачым нейкія недахопы. Хоць я асабіста прыхільнік пяцібальнай сістэмы: прасцей, добра і зручна, усё зразумела. Але ўсё-такі цяпер ужо, пасля гадоў працы гэтай дзесяцібальнай сістэмы, я адчуваю, што яна прыжылася", — сказаў на заканчэнне Лукашэнка.

Адзін з удзельнікаў пасяджэння пацікавіўся, ці можна падчас мадэрнізацыі прадпрыемстваў узоры новага абсталявання пастаўляць і ў каледжы, каб навучэнцы далучаліся да тэхнічных навінак, з якімі ім трэба будзе працаваць пасля вучобы.

Лукашэнка адказаў, што гэтаму пытанню надаецца ўвага, і ў якасці прыкладу прывёў Мінсельгасхарч. Як адзначыў афіцыйны лідар, профільныя ўстановы сельгасадукацыі па яго даручэнні абсталяваныя неабходнай тэхнікай. Паводле яго слоў, каб падчас мадэрнізацыі прадпрыемстваў пастаўляць асобнікі новага абсталявання ў навучальныя ўстановы, спатрэбіліся б не толькі дадатковыя памяшканні, але і дадатковыя інвестыцыі, паколькі новае абсталяванне вельмі дарагое. "Калі мы на нейкім прадпрыемстве ствараем новую лінейку, то давялося б павялічыць інвестыцыі", — заўважыў Лукашэнка.

Ён паабяцаў, што гэтае пытанне з улікам яго важнасці будзе разгледжанае і вырашанае.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239