Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/24/917012_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 21:08
24.08.2017 16:12 Грамадства, Палітыка

"Міжнародная амністыя" прызнала беларускага актывіста Дзмітрыя Паліенку вязнем сумлення

Мінск, 24 жніўня. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала актывіста Дзмітрыя Паліенку вязнем сумлення і заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна яго вызваліць.

У заяве "Міжнароднай амністыі", апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org, гаворыцца, што Паліенка пазбаўлены волі выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і свабоду мірных сходаў.

"Міжнародная амністыя" нагадвае, што 12 кастрычніка 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску прызнаў Паліенку вінаватым у "насіллі або пагрозе насілля ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў", у адпаведнасці з арт. 364 Крымінальнага кодэкса.

Паліенку абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку супрацоўніку міліцыі. Ён быў адзіным удзельнікам велапрабегу "Крытычная маса" 29 красавіка 2016 года, у дачыненні да якога была распачатая крымінальная справа. Да суда, які адбыўся ў кастрычніку 2016 года, ён на працягу пяці месяцаў знаходзіўся ў зняволенні. Падчас судовага працэсу супрацоўнік міліцыі прызнаў, што ён не ўпэўнены, што яго куртку сапраўды парваў Дзмітрый Паліенка, а іншыя сведкі не змаглі даць супраць яго паказанні, нагадваюць праваабаронцы.

Незадоўга да суда яму было выстаўленае дадатковае абвінавачанне ў "вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару" у адпаведнасці з ч. 2 з арт. 343 Крымінальнага кодэкса. "Гэта абвінавачванне звязанае са спасылкай, якую, паводле абвінавачвання, Дзмітрый Паліенка размясціў на адной са сваіх старонак у сацыяльных сетках тры гады таму. Спасылка тычылася трансляцыі парнаграфіі на адным з беларускіх тэлеканалаў. Тэлерэжысёр тэлеканала пасля быў абвінавачаны і асуджаны, але відэа парнаграфічнага матэрыялу стала вірусным", — падкрэсліваюць у "Міжнароднай амністыі".

Паліенка быў прызнаны вінаватым па абодвух артыкулах і быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Актывіст абскардзіў рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе, але адтэрмінаваны прысуд быў пакінуты ў сіле 27 снежня 2016 года.

10 і 20 сакавіка 2017 года Дзмітрый Паліенка быў прыгавораны да адміністрацыйных арыштаў тэрмінам на сем і пятнаццаць сутак. У сувязі з гэтым 7 красавіка суд Заводскага раёна Мінска адмяніў адтэрміноўку прысуду на два гады, які ў выніку набыў моц.

"Міжнародная амністыя" прааналізавала кожны з вышэйзгаданых выпадкаў і лічыць, што ўсе абвінавачанні супраць Дзмітрыя Паліенкі выцякаюць з мірнага ажыццяўлення ім сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў. Арганізацыя лічыць, што Дзмітрый Паліенка стаў ахвярай пераследу з боку ўладаў з-за яго мірнай дзейнасці і, такім чынам, з'яўляецца вязнем сумлення. "Міжнародная амністыя" заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго", — гаворыцца ў заяве.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239