Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/25/917106_258963/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:12
25.08.2017 10:48 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

1 верасня будзе павышаная стаўка першага разраду

Мінск, 25 жніўня. Тарыфная стаўка першага разраду для разліку заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый павялічваецца 1 верасня з 31 да 33 рублёў. Гэта прадугледжана пастановай урада ад 24 жніўня № 642, паведаміла прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Пры гэтым памеры карэктавальных каэфіцыентаў, штомесячных дыферэнцыраваных даплат не змяняюцца.

Пастановай рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, кіраўнікам бюджэтных арганізацый даручана забяспечыць пераразлік заработнай платы работнікаў у адпаведнасці з устаноўленай тарыфнай стаўкай першага разраду і каэфіцыентамі Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў Рэспублікі Беларусь з улікам карэктавальных каэфіцыентаў і штомесячных дыферэнцыяваных даплат.

Пра тое, што стаўку першага разраду плануецца павысіць у Беларусі найбліжэйшым часам, паведаміў 22 жніўня журналістам прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў паводле вынікаў нарады ў кіраўніка дзяржавы па актуальных пытаннях развіцця беларускай эканомікі.

"З улікам аптымізацыі, якая праходзіла ў органах дзяржкіравання і сілавым блоку, працы па зніжэнні выдаткаў у бюджэтнай сферы ў цэлым падрыхтаваныя прапановы ўрада. Думаю, найбліжэйшым часам прэзідэнт іх разгледзіць і будзе прынятае рашэнне па руху тарыфнай стаўкі першага разраду", — заявіў Кабякоў.

Паводле яго слоў, падчас нарады Аляксандр Лукашэнка даручыў звярнуць асаблівую ўвагу на тыя катэгорыі работнікаў бюджэтнай сферы, якія маюць мінімальныя даходы. "У выпадку з'яўлення магчымасці па павелічэнні зарплат яны будуць разглядацца ў якасці прыярытэтных", — заявіў кіраўнік урада.

Кабякоў канстатаваў, што рэальныя даходы насельніцтва працягваюць расці. "У прадпрыемстваў і ў галінах з'явілася магчымасць разгледзець пытанні змены зарплаты ў бок павелічэння. Нязменным патрабаванне застаецца і для прадпрыемстваў камерцыйнага сектара. Там, дзе прадпрыемствы зарабляюць самі, тэмпы росту прадукцыйнасці працы павінны быць вышэйшыя, чым тэмпы росту зарплаты. Гэтае патрабаванне выконваецца", — адзначыў ён.

Рэальная заработная плата ў бюджэтных арганізацыях Беларусі ў студзені—чэрвені 2017 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года зменшылася на 0,4%, у чэрвені 2017 года ў параўнанні з маем — павялічылася на 3,2%, сведчыць афіцыйная статыстыка.

У бюджэтных арганізацыях намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў першай палове 2017 года склала 588,1 рубля, у чэрвені — 624,7 рубля, што на 23,6 рубля, або на 3,9%, больш, чым у маі.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў арганізацый (не ўлічаныя мікраарганізацыі і малыя арганізацыі без ведамаснай падпарадкаванасці) у першым паўгоддзі склала 767,3 рубля, у чэрвені — 819,3, што на 24,1 рубля, або на 3%, больш, чым у маі.

Такім чынам, зарплата бюджэтнікаў у чэрвені была ў 1,3 разу менш, чым у сярэднім па краіне.

Законам аб бюджэце на 2017 год запланаванае павышэнне заработнай платы ў бюджэтным сектары эканомікі на 9%.

Тарыфная стаўка першага разраду — базавая велічыня, якая з'яўляецца падставай устанаўлення велічыні заработнай платы для работнікаў згодна з прысвоеным ім разрадам. Кожнай прафесіі і кваліфікацыі ў Адзінай тарыфнай сетцы пастаўлены ў адпаведнасць пэўны разрад. Разрад вызначае велічыню каэфіцыента, якая ў сукупнасці з тарыфнай стаўкай першага разраду фармуе абсалютнае значэнне акладу канкрэтнага работніка.

Папярэдні раз тарыфная стаўка была павышаная 1 студзеня 2017 года (з 29,8 рубля да 31 рубля).

Пастановай Мінпрацы і сацабароны ад 11 студзеня 2017 года № 2 былі ўсталяваныя новыя памеры штомесячных дыферэнцыяваных даплат да заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый. Пастановай Савета міністраў ад 7 лютага 2017 года № 100 прадугледжанае ўвядзенне павышальнага каэфіцыента да тарыфнай стаўкі з мэтай павышэння зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы.

11 жніўня падчас наведвання Брэста Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прадпрыемствы з нізкай зарплатай неабходна у 2018 годзе "падцягнуць" да ўзроўню 1 тыс. рублёў. "Мы адну тысячу рублёў будзем мець, але гэта будзе сярэдні заробак. Ёсць прадпрыемствы, якія гэтую сярэднюю зарплату цягнуць ўверх, гэта добра. Але палова, можа, крыху менш прадпрыемстваў, дзе мы недацягваем да гэтага ўзроўню, і наогул там зарплата невялікая. За 2018—2019 гады, асабліва за 2018 год, мы бяромся за тыя прадпрыемствы, на якіх мала зарабляюць, каб іх падцягнуць да тысячы рублёў", — заявіў Лукашэнка. Калі гэта будзе выкананае, то сярэдні заробак па краіне можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў, лічыць кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён заявіў, што сярэдні ўзровень зарплаты ў тысячу рублёў да канца гэтага года неабходна замацаваць, каб у пачатку 2018-га не атрымаць зніжэння. "Трэба стабільна выходзіць на сярэднюю зарплату і у 2018 годзе самую нізкую падцягваць да ўзроўню сярэдняй", — распарадзіўся Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239