Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/25/917119_998753/
Дата раздрукоўкі: 24.10.2020 14:53
25.08.2017 12:10 Палітыка, Грамадства

"Рэпарцёры без межаў" асуджаюць пераслед журналістаў у Беларусі

Мінск, 25 жніўня. Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" асуджае пераслед журналістаў у Беларусі. Адпаведная заява апублікаваная на сайце арганізацыі.

Адзначаецца, што ў дачыненні да пяцярых карэспандэнтаў польскага тэлеканала "Белсат", які вяшчае на Беларусь, за апошні час складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі і незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Гаворка ідзе пра супрацоўнікаў тэлеканала Станіслава Івашкевіча, Алеся Сіліча, Марыю Арцыбашаву, Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва. Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, Івашкевіча 24 жніўня аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (460 рублёў). Сёння чакаюцца суды над астатнімі.

Аўтары заявы адзначаюць, што карэспандэнты тэлеканала сталі ў 2017 годзе ў Беларусі "галоўнымі ахвярамі пераследаў", у дачыненні да іх было распачата 26 адміністрацыйных спраў, а сума вынесеных судамі штрафаў перавысіла 10 тыс. еўра.

"Мы асуджаем гэтую новую хвалю судовых працэсаў, якая мае адзіную мэту — запалохаць журналістаў і прымусіць іх падпарадкавацца націску ўрада, — сказаў кіраўнік аддзялення "Рэпарцёраў без межаў" па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёган Біх. — Мы заклікаем беларускі ўрад спыніць сістэматычны судовы пераслед незалежных журналістаў".

У заяве гаворыцца, што беларускія ўлады, якія перашкаджаюць адкрыццю офіса "Белсата" ў Мінску, фактычна самі вымушаюць карэспандэнтаў працаваць без акрэдытацыі. "Рэпарцёры без межаў" падкрэсліваюць, што часцей за ўсё штрафавалі журналіста-фрылансара Канстанціна Жукоўскага, зараз яму пагражае канфіскацыя маёмасці з-за немагчымасці аплаціць штрафы.

Згаданыя таксама арышты журналістаў падчас масавых акцый пратэсту ў лютым—сакавіку. На думку аўтараў заявы, пераследам журналістаў беларускія ўлады дэманструюць боязь узнікнення новых пратэстаў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239