Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/25/917203_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.07.2020 23:44
25.08.2017 17:58 Спорт, Палітыка

Лукашэнка — хакеістам "Дынама": Хочаце вы гэтага ці не, але вы робіцеся вельмі моцнымі палітычнымі гульцамі

Мінск, 25 жніўня. На сустрэчы з гульцамі і трэнерскім складам клуба "Дынама-Мінск" 25 жніўня Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на месца, якое хакей займае ў сістэме беларускага спорту.

І справа, паводле яго слоў, не ў тым, што прэзідэнт сам гуляе ў хакей. "Я хачу, каб вы выразна разумелі — я не пазіцыяную сябе хакеістам. Калі казаць пра маё спартыўнае крэда, я зусім не хакеіст, а футбаліст. Але так склаўся лёс, што, атрымаўшы траўму калена, мне прыйшлося займацца хакеем", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што хакей у Беларусі цэняць яшчэ і таму, што гэта калектыўная гульня. "Хакей — гэта азарт, гэта мужчынскі від спорту, хоць ужо і жанчыны пачалі ў яго гуляць, — заўважыў ён. — Хакей — гэта вялікая ідэалогія. Спорт — наогул ідэалогія. І вышэй, чым спорт, цяжка прыдумаць нейкія ідэалагічныя мерапрыемствы. Таму што спартыўныя спаборніцтвы глядзяць мільярды людзей у свеце. І калі каманда выйграе, годна выступае, не трэба народ агітаваць на нешта. Дух падымаецца. У савецкія часы падлічвалі, што прадукцыйнасць працы пасля таго, як савецкія спартоўцы выйгравалі, падымалася значна. Вось сутнасць спорту".

Усе выдатна разумеюць, што на хакей трацяцца немалыя грошы, заявіў Лукашэнка.

"І самыя вялікія грошы мы трацім на ўтрыманне хакейнай каманды "Дынама", — нагадаў ён. — Наколькі я разумею, што спонсары дынамаўскага клуба і каманды (з прыватнікаў, якія гатовыя са сваёй кішэні плаціць грошы) — гэта мізэр. У асноўным гэта дзяржаўныя грошы. І мы цяпер вызначаемся, дзе знайсці тыя грошы, каб утрымліваць годна каманду, каб не было паўтарэння канца мінулага сезону, калі не ўсім своечасова змаглі выплаціць заработную плату".

"Не галоўнае тут грошы. Галоўнае — гэта людзі, балельшчыкі, якія прыходзяць на вашыя гульні, — падкрэсліў Лукашэнка. — Думаю, не трэба вам распавядаць, з якім настроем яны сыходзяць, калі вы прайграяце. А яшчэ горш, калі вы не паказваеце нармальнай гульні, калі вы выходзіце на лёд для таго, каб пакатацца, размяцца, можа, у хакей пагуляць. Але вы не змагаецеся".

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што сёння спорт — гэта не барацьба, а вайна, якая з чыста спартыўнага набыла характар вялікай палітыкі. "Хочаце вы гэтага ці не, але вы робіцеся вельмі моцнымі палітычнымі гульцамі. Вось гэта галоўнае, што я хацеў данесці да вас. І я б вас вельмі прасіў, каб вы шанавалі настроі, той боль, які перажываюць вашы сапраўдныя фанаты, заўзятары, калі вы дрэнна гуляеце. Людзі — гэта галоўнае, і вы іх падвесці не можаце", — заклікаў ён.

"Трэба самааддана паводзіць сябе на пляцоўцы. Не бойцеся гуляць, лішні раз кінуць па варотах, — параіў кіраўнік дзяржавы. — І я асабіста, і ўвесь беларускі народ чакае ад вас добрай суладнай гульні. Усё будзе залежаць ад вас. Ці будзеце гуляць добра, будзеце перамагаць, радаваць народ, з майго боку будзе адпаведнае стаўленне да вас. Мы нічога не пашкадуем для каманды, калі яна будзе годна выступаць і выконваць дадзеныя абяцанні".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239