Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/25/917264_123456/
Дата раздрукоўкі: 04.06.2020 23:29
25.08.2017 20:25 Спорт

Лукашэнка даручыў дакладна ўрэгуляваць пытанне грашовых выплат спартсменам і трэнерам з прывязкай да выніку

Мінск, 25 жніўня. Аляксандр Лукашэнка даручыў дакладна ўрэгуляваць пытанне грашовых выплат спартсменам і трэнерам з прывязкай да канкрэтнага выніку, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Мы выбудавалі сістэму матэрыяльнага і грашовага забеспячэння хакеістаў. Гэта будзе ў любым відзе спорту, гульнявых найперш", — заявіў Лукашэнка 25 жніўня на сустрэчы з гульцамі і трэнерскім складам каманды.

Паводле яго слоў, калі казаць канкрэтна пра хакей, то асноўныя кантракты і зарплата будуць у "Дынама-Мінск" і нацыянальнай зборнай. "Там будуць прыстойныя грошы. Усе астатнія павінны зарабляць у клубах столькі, каб нармальна працаваць, таму што спорт — гэта праца, і нармальна жыць, таму што сям'і ёсць. Але не 19 тыс. долараў у месяц, як некаторыя трэнеры мелі сярэднюю зарплату па мінулым сезоне, не займаючы першага месца", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Таму, як у Канадзе, як у ЗША, у ніжэйшай лізе будуць атрымліваць невялікія грошы, каб у хакеістаў было імкненне падняцца наверх — заваяваць месца ў "Дынама", у зборных камандах (маладзёжнай, юнацкай, асноўнай). Там будуць нармальныя грошы, — падкрэсліў ён. — Таму ніякіх шалёных грошай больш не будзе".

Лукашэнка канстатаваў, што некаторыя трэнеры, кіраўнікі клубаў, атрымліваючы вялікія грошы, жылі ў некалькі разоў лепш, чым міністры. "Гэта што, нармальна? Не даючы ніякіх вынікаў, ніякай эфектыўнасці, ніякай мэнэджарскай работы, — адзначыў ён. — Гэтаму разбою трэба пакласці канец".

Прэзідэнт растлумачыў, што па новай сістэме, калі хакеіст у экстралізе заняў першае месца, то яго гадавая зарплата павінна, напрыклад, падвоіцца. "За першае месца 100% павелічэнне. За другое, дапусцім, 80%. За трэцяе месца — 60% і гэтак далей. Але ўсё будзе нацэлена на вынік. Нельга плаціць усім пароўну. Гэта крыўдзіць лепшых спартсменаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Грошы трэба зарабляць і адпрацоўваць. Такі мой прынцыповы падыход. А канкрэтныя рэчы выпрацавалі ва ўрадзе", — адзначыў ён.

Пры гэтым Лукашэнка ўдакладніў, што калі грошы заробленыя за кошт нейкіх іншых відаў дзейнасці, спонсарскіх сродкаў, то яны будуць належаць выключна клубу і іх можна будзе накіроўваць у тым ліку на матэрыяльнае стымуляванне: "Гэта вашы грошы, і вы, калі ласка, аддайце камандзе. І падзеліце паміж сабой. Гэта вашы грошы, ніхто да іх не дакранецца. Я вам публічна пра гэта кажу".

"За грошы вы можаце не турбавацца, калі вы выконваеце свае абавязацельствы і добра гуляеце, — падкрэсліў ён. — І далей мы будзем толькі рабіць больш жорсткімі гэтыя патрабаванні. Мы пастараемся плаціць добраму гульцу, які змагаецца на пляцоўцы, шмат, каб паказаць іншым, як трэба гуляць . А тыя, хто не дае вынік, так і атрымаюць".

"Усе, хто працуе ў камандзе і на каманду, не павінны быць пакрыўджаныя", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239