Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/25/eu_eu_917086_114477/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2018 14:43
25.08.2017 10:04 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Грыбаўскайтэ: Назіранне за ходам вучэнняў "Захад-2017" дазволіць убачыць, ці выведзе Расія пасля вучэнняў сваіх вайскоўцаў з Беларусі

Мінск, 25 жніўня. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што назіранне за ходам вучэнняў "Захад-2017", што адбудуцца ў верасні блізу Літвы, дазволіць убачыць, ці выведзе Расія пасля вучэнняў сваіх вайскоўцаў з Беларусі.

"Літва запрошаная ў якасці назіральніка ўдзельнічаць на падставе міжнародных пагадненняў падчас вучэнняў "Захад". <...> Гэта стварае магчымасць рэальна бачыць, ці будуць выконвацца абяцанні, дадзеныя Расіяй адносна вывядзення расійскіх войскаў з Беларусі пасля вучэнняў", — сказала Грыбаўскайтэ на сумеснай з прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе 24 жніўня, паведамляе партал ru.delfi.lt.

Яна не адказала на пытанне, ці маюць службовыя асобы інфармацыю пра тое, што пасля вучэнняў у Беларусі на самой справе могуць застацца расійскія вайскоўцы. "Нічога больш", — сказала Грыбаўскайтэ.

Літоўскія прадстаўнікі атрымалі запрашэнне назіраць за ходам вучэнняў "Захад-2017" як у Беларусі, так і ў Ленінградскай вобласці Расіі.

Плануецца, што ў праграме назірання за ходам вучэнняў, якая будзе арганізаваная 16—20 верасня на тэрыторыі Беларусі, возьмуць удзел інспектары Узброеных сіл Літвы па кантролі над узбраеннямі, а 19 верасня назіраць за эпізодам вучэнняў на Лужскім палігоне ў Ленінградскай вобласці РФ адправіцца аташэ Літвы па абароне ў Расіі.

Пра магчымасць таго, што Расія пасля вучэнняў можа анексаваць Беларусь, заявіў былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі падчас візіту ў Літву ў пачатку жніўня. Як сцвярджае ваенная разведка Літвы, цалкам верагодна, што ў сцэнарыі вучэнняў будзе прадугледжаны ўзброены канфлікт з НАТА. Частка раёнаў вучэнняў знаходзяцца блізу дзяржмяжы Літвы, таму літоўскія афіцыйныя асобы не выключаюць магчымасць інцыдэнтаў і правакацый. Паводле іх слоў, у вучэннях можа быць задзейнічана прыблізна 100 тыс. вайскоўцаў, хоць Мінск і Масква называюць значна меншыя лічбы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН