Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/26/917325_917326/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 09:52
26.08.2017 17:51 Палітыка

Зянон Пазняк: Вучэнні "Захад-2017" — грубае парушэнне суверэнітэту Беларусі і пачатак гібрыднай акупацыі

Мінск, 26 жніўня. Правядзенне беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017" з'яўляецца "грубым парушэннем суверэнітэту Беларусі і пачаткам яе гібрыднай акупацыі", гаворыцца ў прывітанні старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазняка ўдзельнікам асамблеі патрыятычных сіл Беларусі, якая праходзіць 26 жніўня ў Мінску.
Ініцыятыва правядзення асамблеі, заяўляюць у партыі, "выклікана пагрозай незалежнасці Беларусі" ў сувязі з правядзеннем беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2017" на тэрыторыі нашай краіны і "неабходнасцю абмеркаваць лёс і будучыню Радзімы".

Правядзенне асамблеі таксама звязана з 26-й гадавінай надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі статусу канстытуцыйнага закона.

25 жніўня, дзень, калі ў 1991 годзе Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона, Пазняк назваў "найвялікшым святам у нашай найноўшай гісторыі". "Беларусь на справе адрадзіла сваю незалежную дзяржаву. Гэта рэальнасць. Наступны крок — фарміраванне свабоднай дэмакратычнай нацыянальнай улады. Гэты працэс пачаўся, але быў прыпынены ў 1994 годзе. Каб яго аднавіць, трэба пазбавіцца ад антынароднай палітыкі і ўнутранай акупацыі", — лічыць ён.

Паводле слоў Пазняка, гэта будзе "нялёгкі працэс, у першую чаргу таму, што за антынародным рэжымам у Беларусі стаіць маскоўскі імперыялізм, які праводзіць перманентную палітыку па падпарадкаваннi і захопе чужых тэрыторый". Пры гэтым ён падкрэсліў, што "імперская палітыка Расіі праводзіцца незалежна ад таго, хто там знаходзіцца ва ўладзе, гэта палітыка Расіі не зменіцца ні пры якой уладзе, ні пры якой ідэалогіі".

Лідар КХП-БНФ лічыць, што "развіццю нашай нацыянальнай супольнасці, дзяржаўнай незалежнасці ў любой форме заўсёды будзе пагражаць небяспека, пакуль на Усходзе будзе існаваць агрэсіўная расійская імперыя". "Гэта імперыя павінна распасціся", —падкрэсліў ён.

Ваенныя вучэнні "Захад-2017", на думку Пазняка, трэба разглядаць "як грубае парушэнне суверэнітэту Беларусі і пачатак гібрыднай акупацыі нашай краіны". "Маштаб падрыхтоўкі расійскіх узброеных сіл да гэтых вучэнняў несупастаўны з заяўленымі мэтамі. Ціхая акупацыя Беларусі ўжо пачалася. У сваіх дзеяннях Расія кіруецца толькі палітычнымі матывамі", — сцвярджае ён.

Правядзенне любых ваенных вучэнняў з удзелам Расіі на тэрыторыі Беларусі, дадаў Пазняк, з'яўляецца "грубым парушэннем суверэнітэту нашай краіны, але раней яны не мелі рэзкіх геапалітычных вынікаў". "Цяперашнія вучэнні сведчаць аб планах маскоўскай ваеннай экспансіі на нашу тэрыторыю як гібрыднай акупацыі нашай краіны", — лічыць ён.

"Мы вымушаныя падняць наш голас у абарону нашага суверэнітэту. Наш голас павінен быць моцным, прапановы — дакладнымі, заклікі — канкрэтнымі. Мы павінны зыходзіць з таго, што супраць агрэсіі і інвазіі расійскіх войскаў на нашу тэрыторыю павінен паўстаць беларускі грамадскі ўзброены супраціў. У абставінах , якія склаліся, альтэрнатывы такому супраціву няма", — заявіў Пазняк.

Вучэнні "Захад-2017" пройдуць 14—20 верасня на шасці палігонах Расіі і Беларусі. Як чакаецца, у іх возьмуць удзел каля 12,7 тыс. ваенных (у тым ліку прыкладна 10,2 тыс. на тэрыторыі Беларусі) і каля 680 адзінак баявой тэхнікі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН