Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/28/917549_123456/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:54
28.08.2017 21:52 Палітыка, Грамадства

Пасольства Украіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту, каб высветліць месцазнаходжанне зніклага ўкраінца Паўла Грыба

Мінск, 28 жніўня. Пасольства Украіны ў Мінску накіравала ноту ў МЗС Беларусі, каб высветліць, дзе знаходзіцца грамадзянін Украіны Павел Грыб, сын сябра грамадскага савета пры адміністрацыі Дзяржпагранслужбы, афіцэра запасу Ігара Грыба. Пра гэта паведаміла ў каментарыі тэлеканалу "112 Украина" першы сакратар пасольства Украіны ў Беларусі Марыя Гуцала.
"Консул пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь трымае гэтае пытанне на кантролі. І сёння 28 жніўня пасольства Украіны ў Беларусі паслала ў Міністэрства замежных спраў Беларусі ноту з просьбай высветліць месцазнаходжанне Паўла Грыба", — цытуе Марыю Гуцалу выдавецтва "Цензор.НЕТ".

Яна ўдакладніла, што адказ пакуль не атрыманы, бо нота накіравана толькі 28 жніўня.

Раней украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў пра выкраданне спецслужбамі РФ яго сына ў Беларусі. Яго сын Павел Грыб 24 жніўня выехаў у Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай, з якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасля чаго знік. Дзяржпагранслужба Украіны афіцыйна пацвердзіла факт перасячэння Паўлам Грыбам мяжы з Беларуссю.

Як перадае агенцтва УНИАН, Ігар Грыб паведаміў, што сын павінен быў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, ён адправіўся на пошукі Паўла ў Беларусь, у Гомель. Там ён высветліў, што яго сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з`яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

У Гомельскай пагранічнай групе Грыб звярнуўся да дзяжурнага з просьбай паведаміць, дзе знаходзіцца яго сын. "Там мне сказалі, што ніякай інфармацыі пра сына памежнікі не маюць", — сцвярджае ён.

Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы з дзяўчынай і правяла затрыманне. На думку бацькі, прычынамі выкрадання сына маглі стаць паведамленні Паўла ў сацсетках, накіраваныя супраць агрэсіі РФ ва Украіне.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН