Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/29/917642_112233/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:06
29.08.2017 15:40 Палітыка, Грамадства

Групоўка расійскіх войскаў, якая будзе ўдзельнічаць у вучэннях "Захад-2017", вернецца ў Расію да 30 верасня

Мінск, 29 жніўня. Асабісты склад, узбраенні, ваенная і спецыяльная тэхніка часцей беларускай арміі, задзейнічаных у вучэннях "Захад-2017", да 30 верасня вернуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі. Расійская групоўка войскаў да гэтага тэрміну вернецца ў Расію, паведаміў 29 жніўня на брыфінгу ў Мінску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні пройдуць на тэрыторыі Беларусі 14—20 верасня.

Белаконеў звярнуў увагу на тое, што аналагічныя вучэнні рэгулярна праводзяцца на тэрыторыі Расіі. У іх ад Узброеных сіл Беларусі пастаянна ўдзельнічаюць групоўкі ў некалькі тысяч чалавек. "Пры гэтым ніхто — ні ў Расіі, ні ў іншых краінах — не абураецца і не прагназуе міфічную акупацыю расійскіх абласцей. Як гэта робіцца сёння асобнымі аналітыкамі і СМІ ў дачыненні да некалькіх тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія прыбылі і якія прыбываюць на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў за год да гэтага абвешчаных вучэннях", — сказаў начальнік Генштаба.

Пры гэтым ён заявіў, што ніякіх іншых вучэнняў у гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі праводзіцца не будзе.

"Захад-2017" — вучэнні абарончага характару, якія пацвярджаюць курс Беларусі на ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і прыхільнасць саюзніцкім абавязацельствамі з Расіяй, падкрэсліў Белаконеў.

Паводле яго слоў, рэгіянальная групоўка войскаў, якая будзе адпрацоўваць навучальна-баявыя задачы падчас вучэнняў, таксама прызначаная для арганізацыі бяспекі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі. "Таму навучанасць войскаў групоўкі ёсць фактар забеспячэння міру і спакою ў гэтым рэгіёне, — заявіў Белаконеў. — Хіба гэта дрэнна?"

Начальнік Генштаба запэўніў, што правядзенне вучэнняў "не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239