Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/29/917652_441258/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 10:56
29.08.2017 16:31 Палітыка, Грамадства

На вучэнні "Захад-2017" Беларусь запрасіла больш за 80 назіральнікаў з розных краін

Мінск, 29 жніўня. Беларусь накіравала запрашэнні для назірання за сумеснымі з Расіяй стратэгічнымі вучэннямі "Захад-2017" прадстаўнікам ААН, АБСЕ, НАТА, СНД, АДКБ, МКЧК, ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры пасольствах у Мінску, паведаміў 29 жніўня на брыфінгу начальнік Генеральнага штаба ўзброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў.

Паводле яго слоў, дадаткова чакаецца прыбыццё ваенных назіральнікаў (па два чалавекі) ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі. "Гэтым назіральнікам у больш шырокім аб'ёме, з наведваннем усіх палігонаў, дзе будуць адпрацоўвацца практычныя дзеянні войскаў, будзе дадзеная магчымасць азнаёміцца з мерапрыемствамі, якія праводзяцца, і паглядзець дынаміку развіцця падзей", — сказаў Белаконеў.

"Усяго запрошаныя больш за 80 чалавек. У дадатак да іх для назірання і асвятлення актыўнай фазы вучэнняў акрэдытаваныя прыблізна 150 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі", — паведаміў ён.

Белаконеў заявіў, што, "нягледзячы на тэндэнцыйны ажыятаж, які створаны вакол гэтых вучэнняў, Беларусь няўхільна выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў рамках міжнародных і рэгіянальных дагавораў па раззбраенні, верыфікацыйнай дзейнасці, умацаванні мер даверу і бяспекі ў межах ААН і АБСЕ". Кіруючыся імі, Беларусь яшчэ ў канцы 2016 года апавясціла дзяржавы — удзельніцы Венскага дакумента 2011 года аб ССУ "Захад-2017".

"Яскравым прыкладам адкрытасці і празрыстасці" гэтых вучэнняў Белаконеў назваў праведзены 12 ліпеня ў Вене брыфінг на форуме АБСЕ.

Пры гэтым, як адзначыў начальнік Генштаба, пасля гэтага брыфінгу ў прэсе ён чытаў "розныя выдумкі так званых ваенных аналітыкаў і экспертаў аб мерапрыемстве, што мае адбыцца". "У выкладзеных інтэрпрэтацыях прасочваецца выснова пра тое, што мы нібыта збіраемся развязаць ледзь не буйнамаштабную вайну з усімі, хто нас акружае. А Расія для гэтага на тэрыторыі Беларусі стварае шматтысячную наступальную групоўку. Акцэнт, вядома ж, тэндэнцыйны, але абсалютна несур'ёзны", — заявіў кіраўнік вучэнняў.

Ён звярнуў увагу на тое, што "важкім аргументам" для падмацавання такога вываду, на думку яго аўтараў, з'яўляецца адкрыта апублікаваная дзяржаўная замова Міністэрства абароны РФ на 2017 год па аб'ёмах воінскіх перавозак у Беларусь у 4.162 вагоны.

"Як чалавек ваенны растлумачу. Чатыры тысячы вагонаў — гэта прыкладна паўтары мотастралковыя дывізіі. Хацеў бы паглядзець на такога вайсковага дзеяча, які адважыўся б здзейсніць агрэсію і акупацыю такімі сіламі. Відавочна, ён увайшоў бы ў Кнігу рэкордаў Гінеса, праўда, не як ваенны, а як параноік і ненармальны авантурыст", — заявіў Белаконеў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239