Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/30/917844/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:03
30.08.2017 14:45 Грамадства, Палітыка

Праваабаронцы асцерагаюцца, што пазачарговая пераатэстацыя адвакатаў можа пацягнуць пазбаўленне іх ліцэнзій

Мінск, 30 жніўня. Беларускія праваабаронцы ўстрывожаныя з нагоды хвалі пераатэстацый адвакатаў.

Як паведамляе сайт spring96.org, летам Міністэрства юстыцыі правяло праверку працы шэрагу адвакатаў, па выніках якой была прызначаная пазачарговая атэстацыя часткі з іх, што можа пацягнуць за сабой пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, праверкі праводзіліся ў Мінскай гарадской і Магілёўскай абласной калегіях адвакатаў, і пазачарговая атэстацыя па выніках гэтых праверак, якая прызначаецца пры наяўнасці ў адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў, будзе праведзеная ў верасні ў дачыненні да 25 асобаў — 23 у Мінску і дзвюх у Магілёве.

Апроч таго, каля 60 адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая ладзіцца раз на пяць гадоў. Яны будуць праходзіць тэст на прафпрыдатнасць у калегіях адвакатаў, аднак існуе яшчэ спіс з васьмі абаронцаў, пераатэстацыю якіх у лістападзе гэтага году будзе праводзіць Мінюст, нагадваюць праваабаронцы.

На іх думку, праверкі і атэстацыі знешне выглядаюць як звычайныя працэдурныя дзеянні ўнутры прафесійнай супольнасці, з іншага — гэтая масавая пазачарговасць, з улікам неабароненасці інстытута адвакатуры перад Мінюстам, не можа не звярнуць на сябе ўвагу.

"Заканадаўства Беларусі ў гэтым сэнсе выклікае абурэнне любога, хто мае ўяўленне пра паняцце незалежнасці інстытута адвакатуры: юрыдычна замацавана права Міністэрства юстыцыі наўпрост умешвацца ў дзейнасць адвакатуры і кожнага адваката, вырашаць пытанні пра доступ да прафесіі і пазбаўляць права займацца прафесіяй. Кваліфікацыйная камісія, якая складаецца пераважна з дзяржаўных службоўцаў, дзе прадстаўнікі адвакатуры знаходзяцца ў меншасці, замяніла сабой органы адвакацкага самакіравання, закліканыя сачыць за выкананнем адвакатамі карпаратыўных правілаў. Такая патэнцыйная татальная безабароннасць кожнага адваката перад органам выканаўчай улады ўвяла інстытут адвакатуры Беларусі ў глыбокі крызіс", — лічыць юрыст Павел Сапелка, пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі пасля абароны ўдзельнікаў палітычных працэсаў.

Паводле яго слоў, "сённяшняе становішча, калі адвакатура ў набліжэнні рэпрэсій маўчыць, яшчэ раз падкрэслівае бязвыхаднасць у ацэнках перспектываў абароны карпарацыяй правоў сваіх сябраў".

"Пераатэстацыі адвакатаў устрывожылі праваабарончую супольнасць Беларусі. Мы бачым у іх інструмент ціску і запалохвання з боку ўладаў у дачыненні да незалежнага інстытуту абаронцаў. Улады жадаюць, каб у асяроддзі адвакацкай супольнасці панавала атмасфера няўпэўненасці і страху", — заявіў старшыня пазбаўленага афіцыйнай рэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.

Праваабаронцы нагадваюць, што ў 2011 годзе ўлады разгарнулі кампанію націску на адвакатаў. Тады ў выніку пазачарговай пераатэстацыі шэраг абаронцаў экс-кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў акцый пратэсту былі пазбаўленыя ліцэнзій. Яны заклікаюць беларускае грамадства пільна сачыць за ходам пераатэстацыі адвакатаў і будуць інфармаваць пра яе вынікі міжнародную супольнасць.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239