Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/30/917896_445566/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 09:58
30.08.2017 17:51 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік МЗС Украіны абмяркуе з Уладзімірам Макеем знікненне ў Беларусі ўкраінца

Мінск, 30 жніўня. Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін плануе 31 жніўня абмеркаваць справу зніклага ўкраінца Паўла Грыба з беларускім калегам Уладзімірам Макеем падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы ў Будапешце.
"Заўтра ў Будапешце планую абмеркаваць справу зніклага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба з беларускім калегам Макеем", — напісаў Клімкін на сваёй старонцы ў "Твітэры".

Як паведамлялася, пасольства Украіны ў Мінску 28 жніўня накіравала ноту ў МЗС Беларусі з мэтай высветліць, дзе знаходзіцца грамадзянін Украіны Павел Грыб, сын члена грамадскага савета пры адміністрацыі Дзяржпагранслужбы афіцэра запасу Ігара Грыба.

Ігар Грыб заявіў пра выкраданне спецслужбамі РФ яго сына ў Беларусі. 24 жніўня Павел Грыб выехаў у Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай, з якой меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасля чаго знік. Дзяржпагранслужба Украіны афіцыйна пацвердзіла факт перасячэння Паўлам Грыбам мяжы з Беларуссю.

Паводле слоў Ігара Грыба, калі сын не вярнуўся ў той дзень, калі збіраўся, ён адправіўся на яго пошукі ў Гомель. Там бацька зніклага высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку на падставе арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з'яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы). У Гомельскай пагранічнай групе Грыбу сказалі, што ніякай інфармацыі пра яго сына не маюць.

Ігар Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад маркай сустрэчы з дзяўчынай і затрымала. На думку бацькі, прычынамі выкрадання сына маглі стаць паведамленні Паўла ў сацсетках, скіраваныя супраць агрэсіі Расіі ва Украіне.

У МЗС Беларусі 29 жніўня пацвердзілі факт атрымання ноты ўкраінскага пасольства з мэтай высветліць месцазнаходжанне Паўла Грыба.

Гомельская міліцыя не затрымлівала грамадзяніна Украіны Паўла Грыба, у органы ўнутраных спраў не паступала заяў пра яго вышук, заявілі БелаПАН у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.

У сваю чаргу ў Дзяржаўным пагранічным камітэце адзначылі, што інфармацыя аб перасячэнні грамадзянамі дзяржаўнай мяжы з'яўляецца канфідэнцыйнай, і таму не могуць паведаміць, ці сапраўды Павел Грыб перасякаў украінска-беларускую мяжу. У ведамстве дадалі, што пакуль да іх запыту ад украінскага боку з просьбай падаць такія звесткі не паступала.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239