Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/30/917909_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 10:46
30.08.2017 19:24 Грамадства

Актывісты "Альтэрнатывы" сабралі каля тысячы подпісаў пад зваротам аб усталяванні на Нямізе макета Мінскага замчышча

Мінск, 30 жніўня. Актывісты грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва" (зарэгістравана ў Латвіі) завяршылі збор подпісаў пад зваротам да сталічных улад усталяваць на Нямізе ў Мінску плоскасцевы макет старажытнага Мінскага замчышча.
 
Арыгіналы подпісаў (усяго каля адной тысячы) разам са зваротам накіраваны ў Міністэрства культуры, а таксама Мінгарвыканкам, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
 
"Мы хочам звярнуць увагу чыноўнікаў на важнасць папулярызацыі гістарычнай спадчыны Мінска, вяртання гораду яго аблічча, павышэння яго турыстычнай прывабнасці. Усё гэта выдатна спалучаецца з 950-годдзем Мінска, якое будзе адзначацца на афіцыйным узроўні ў пачатку верасня, — адзначыў лідар "Альтэрнатывы" Алег Корбан. — Мы перакананыя, што распрацаваць такі макет не праблема, бо ёсць адпаведныя праекты археолагаў, якія падчас будаўніцтва другой лініі метро ў 1984—1985 гадах змаглі вызначыць межы замка, выгляд варотаў, месца знаходжання першай царквы".
 
Паводле яго слоў, "для гістарычнага цэнтра ўсталяванне макета гэта лепш, чым звычайны стэнд або стандартная шыльда". "Акрамя таго, гэта не закрые від на Траецкае прадмесце. У нашым звароце мы не пазначалі пажаданыя характарыстыкі гэтай канструкцыі, выбар матэрыялу і яго маштаб, мы пакінулі гэта на меркаванне чыноўнікаў, у залежнасці ад сродкаў у бюджэце", — дадаў Корбан.
 
Сярод тых, хто падтрымаў калектыўны зварот, — гісторык Ігар Кузняцоў, пісьменнік на гістарычную тэматыку Анатоль Тарас, гісторык і даследчык Дзмітрый Дрозд, гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтка Валянціна Аксак, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, культуролаг Вадзім Мажэйка, музыка Лявон Вольскі, спявачка Паліна Рэспубліка, а таксама шматлікія грамадскія актывісты.
 
Подпісы збіраліся на працягу месяца побач з месцам знаходжання гістарычнага замка на Нямізе. Супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў перапісвалі пашпартныя даныя актывістаў, але якіх-небудзь эксцэсаў зафіксавана не было.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239