Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/30/917916_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:19
30.08.2017 20:13 Палітыка, Грамадства

Пасол Вялікабрытаніі заклікала ўлады Беларусі расследаваць гучныя палітычныя знікненні 1999—2000 гадоў

Мінск, 30 жніўня. У Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў, які адзначаецца ААН 30 жніўня, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб запісала відэазварот да ўрада Беларусi з заклікам завяршыць расследаванне знікненняў Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі.

Як адзначае пасол Вялікабрытаніі, Беларусь з'яўляецца адной з краін, дзе, на думку ААН, былі выпадкі гвалтоўных знікненняў. "У прыватнасці, гаворка ідзе пра знікненні чатырох палітычных актывістаў ў 1999 і 2000 годзе: Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. Гэтыя справы застаюцца нераскрытымі па сённяшні дзень. Іх сем'і не знойдуць заспакаення, пакуль пра іх лёс не стане вядома , а вінаватыя не будуць пакараныя", — падкрэслівае Фіёна Гіб.

"Я заклікаю ўрад Беларусі супрацоўнічаць з Рабочай групай ААН па гвалтоўных або нядобраахвотных знікненнях для вырашэння гэтай сітуацыі, якая доўжыцца ўжо працяглы час і негатыўна адбіваецца на міжнароднай рэпутацыі Беларусі", — гаворыцца ў відэазвароце, якое пасол Вялікабрытаніі размясціла ў сваім блогу.

7 мая 1999 года пры нявысветленых абставінах у цэнтры Мінска знік генерал Юрый Захаранка. Сышоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе ён узначаліў камітэт па бяспецы "ценявога" ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Увайшоў у каманду экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

16 верасня гэтага ж года бясследна зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі. Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што яны былі выкрадзены па палітычных матывах, і падазраюць у замешанасці ў гэтым злачынстве вышэйшыя службовыя асобы краіны.

У 2000 годзе ў Беларусі бясследна знік тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. У 1994—1997 гадах працаваў ў аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне (цяпер Першы канал). Раніцай 7 ліпеня Завадскі выехаў з дома ў Нацыянальны аэрапорт Мінск. З тых часоў аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча. Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, асуджаныя на пажыццёвае зняволенне.

У сакавіку 2004 года рэспубліканская пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага "у сувязі з неадшуканнем без вестак зніклай асобы". У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га — зноў прыпынена.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239