Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/31/917953_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2018 14:49
31.08.2017 10:19 Палітыка, Грамадства

Дзяржпагранкамітэт Беларусі пацвердзіў перасячэнне мяжы Паўлам Грыбам 24 жніўня

Мінск, 31 жніўня. Грамадзянін Украіны Павел Грыб перасек дзяржаўную мяжу Беларусі 24 жніўня ва ўстаноўленым парадку ў пункце пропуску "Новая Гута", паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі.

"Прэтэнзій з боку пагранслужбы Беларусі да гэтай асобы не было", — сказаў ён.

Афіцыйны адказ беларускага боку на зварот Дзяржпагранслужбы Украіны адносна Паўла Грыба адпраўлены ва ўкраінскае памежнае ведамства.

Як паведамлялася раней, украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб заявіў пра выкраданне спецслужбамі РФ яго сына ў Беларусі. Павел Грыб 24 жніўня выехаў у Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай, з якой да гэтага меў зносіны толькі праз сацсеткі, пасля чаго знік. Дзяржпагранслужба Украіны афіцыйна пацвердзіла факт перасячэння Паўлам Грыбам мяжы з Беларуссю.

Як паведаміў Ігар Грыб, калі сын не вярнуўся ў той жа дзень, як збіраўся, ён адправіўся на пошукі ў Гомель. Там бацька высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з'яўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

У Гомельскай пагранічнай групе Грыбу сказалі, што ніякай інфармацыі пра сына памежнікі не маюць.

Грыб перакананы, што ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы з дзяўчынай і затрымала. На думку бацькі, прычынамі выкрадання сына маглі стаць паведамленні Паўла ў сацсетках, накіраваныя супраць агрэсіі РФ ва Украіне.


Пасольства Украіны ў Мінску накіравала ноту ў МЗС Беларусі з мэтай высветліць, дзе знаходзіцца грамадзянін Украіны Павел Грыб.

30 жніўня міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін напісаў у "Твітэры", што 31 жніўня плануе абмеркаваць справу зніклага ўкраінца Паўла Грыба з беларускім калегам Уладзімірам Макеем падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы ў Будапешце.

"Заўтра ў Будапешце планую абмеркаваць справу зніклага грамадзяніна Украіны Паўла Грыба з беларускім калегам Макеем", — напісаў Клімкін.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН