Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/31/918107_123456/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:21
31.08.2017 18:57 Спорт, Грамадства, Эканоміка

Кіраўнік МУС Шуневіч перадаў Мінскай СДЮШАР па хакеі 50 камплектаў формы, пашытай асуджанымі

Мінск, 31 жніўня. Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч перадаў выхаванцам Мінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па хакеі з шайбай БФСТ "Дынама" 50 камплектаў хакейнай формы. Выпуск адзення для заняткаў гэтым відам спорту (а ў перспектыве і футболам) асвоілі на Рэспубліканскім унітарным вытворчым прадпрыемстве № 4 упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Гомельскай вобласці, паведамляе міліцэйскае ведамства.

У маі на Алімпійскім сходзе НАК з удзелам прэзідэнта ішла гаворка аб спосабах вырашэння праблемы забеспячэння інвентаром дзіцячых спартыўных школ. У сувязі з гэтым Шуневіч прапанаваў арганізаваць пашыў формы ва ўстановах Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

31 мая Шуневіч сказаў журналістам: "Хачу даручыць ДВП папрацаваць гэтае пытанне. Думаю, што ў іх атрымаецца пашыць форму не горшую, а нават лепшую, для дзяцей — і па якасці, і па кошце. І такім чынам мы зможам ўнесці свой уклад у гэтую задуму па развіцці дзіцяча-юнацкага хакея".

Як адзначыў сёння міністр унутраных спраў, кошт вырабленых РУВП № 4 узораў на 40% ніжэйшы ў параўнанні з аналагамі вядомых брэндаў. Для стварэння прадукцыі прадстаўнікі прадпрыемства выкарыстоўвалі тканіну беларускай вытворчасці, а элементы абароны — расійскай.

"Упэўнены, што маладыя хакеісты будуць камфортна сябе адчуваць у гэтай форме, а мы гатовыя ў найбліжэйшай будучыні забяспечыць якаснай і даступнай экіпіроўкай усе зацікаўленыя спартыўныя ўстановы краіны", — запэўніў Шуневіч.

Паведамляецца, што супрацоўнікі РУВП № 4 асвоілі вытворчасць новага віду прадукцыі ў самыя кароткія тэрміны - на працягу трох месяцаў. Па словах генеральнага дырэктара прадпрыемства палкоўніка ўнутранай службы Іны Аднаблюдавай, спецыялісты выязджалі на расійскія фабрыкі, якія выпускаюць хакейную форму, каб пераняць вопыт і атрымаць патрэбныя навыкі.

"Для вытворчасці экіпіроўкі дадаткова набылі неабходнае тэхналагічнае абсталяванне і асобныя прыстасаванні, а таксама стварылі новы вытворчы ўчастак па нанясенні малюнкаў метадам 3D-сублімацыі", — сказала яна.

Дырэктар СДЮШАР Дзмітрый Баскаў заявіў, што выхаванцы правераць форму, павялічыўшы інтэнсіўнасць нашэння і частату мыцця, ацэняць яе зручнасць і зносаўстойлівасць. З улікам заўваг і прапаноў неўзабаве прадукцыю запусцяць у серыйную вытворчасць.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН