Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/08/31/eu_eu_918070_112548/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:34
31.08.2017 17:28 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Макей выступіў за актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі Усходняга партнёрства і ЕС

Мінск, 31 жніўня. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прапануе актывізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі Усходняга партнёрства і Еўрасаюзам, а таксама выступае за спалучанасць еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў. Такую заяву ён зрабіў 31 жніўня ў Будапешце на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства і Вышаградскай групы.

Як паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, у сустрэчы ўзялі ўдзел міністр замежных спраў старшыні ЕС Эстоніі Свен Міксер і камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханэс Хан.

Падчас сустрэчы кіраўнікі дэлегацый абмеркавалі пытанні правядзення саміту УП у лістападзе ў Бруселі, у тым ліку падрыхтоўкі яго дэкларацыі, а таксама тэматыку ўзаемадзеяння ў галіне энергетычнай інфраструктуры і пашырэння фінансавага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства з Еўрасаюзам.

У сваім выступе на пленарным пасяджэнні Макей падкрэсліў важнасць наяўнасці канкрэтных вынікаў УП, уключаючы распрацоўку і рэалізацыю канкрэтных праектаў у межах ініцыятывы. Ён адзначыў неабходнасць захавання неканфрантацыйнага і канструктыўнага характару Усходняга партнёрства.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам. Бакі абмяняліся думкамі пра перспектывы пашырэння ўзаемадзеяння ў межах рэгіянальных ініцыятыў і міжнародных арганізацый, а таксама нарошчвання двухбаковага беларуска-венгерскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Адбыліся сустрэчы Макея з калегамі з Грузіі, Польшчы і Украіны, падчас якіх абмеркаваныя шэраг пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН