Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/01/918170_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:36
01.09.2017 10:07 Палітыка

Лукашэнка і Пуцін праінспектуюць вучэнні "Захад-2017"

Мінск, 1 верасня. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плануюць разам наведаць стратэгічныя вучэнні "Захад-2017", у межах якіх пройдуць маштабныя манеўры вайскоўцаў дзвюх армій, паведаміў газеце "Известия" прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Паводле яго слоў, апошні раз Лукашэнка і Пуцін разам назіралі за манеўрамі дзвюх армій чатыры гады таму падчас вучэнняў "Захад-2013" — спачатку ў Гродзенскай вобласці Беларусі, пасля чаго пераляцелі ў Калінінградскую вобласць Расіі, дзе на марское ўзбярэжжа высадзіўся дэсант.

Гэтым разам, паведаміў Пяскоў, кіраўнікі дзвюх дзяржаў маюць намер наведаць ваенны палігон ў адным з расійскіх рэгіёнаў.

Сумесныя расійска-беларускія стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" пройдуць з 14 па 20 верасня. Агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэннях, складзе каля 12.700 вайскоўцаў. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана каля 10.200 чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тыс., ад Расіі — каля 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў. Пра гэта 2 жніўня былі апавешчаныя дзяржавы — удзельніцы АБСЕ згодна з Венскім дакументам 2011 года.

Як заявіў 29 жніўня на брыфінгу ў Мінску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў, падрыхтоўка да вучэнняў "праходзіць ва ўмовах няпростага ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне". Ён звярнуў увагу, што ля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы — у краінах Балтыі і Польшчы — створаныя перадавыя камандныя цэнтры НАТА, з 25 тыс. да 40 тыс. чалавек вырасла колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА, чатыры шматнацыянальныя батальённыя тактычныя групы альянсу прыведзеныя ў поўную аператыўную гатоўнасць. У Польшчы разгорнутая танкавая брыгада ЗША. Паводле слоў Белоконева, агульная колькасць толькі замежных вайсковых кантынгентаў у Польшчы і краінах Балтыі складае каля 8 тысяч вайскоўцаў, 72 танкі, каля 250 баявых браніраваных машын, 16 гаўбіц і 17 верталётаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН