Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/01/918179_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:43
01.09.2017 10:47 Грамадства

Аргкамітэт МХД патрабуе правядзення рэальнай рэформы беларускай сістэмы адукацыі

Мінск, 1 верасня. Аргкамітэт па стварэнні грамадскага аб'яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" патрабуе правядзення "рэальнай рэформы беларускай сістэмы адукацыі, якая б спрыяла развіццю сучаснай эканомікі і ўзмацненню нацыянальнай свядомасці беларусаў". Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі ў сувязі з пачаткам навучальнага года.

"Сёння свет адзначае Дзень ведаў. Сотні тысяч маленькіх і маладых беларусаў сядуць за парты ў школах, каледжах і інстытутах. Але якія веды яны атрымаюць? На фоне апошніх заяў кіраўніцтва дзяржавы становіцца сапраўды жахліва за тых, хто ў Беларусі сутыкаецца з сістэмай адукацыі: ці то вучыцца, ці то вучыць", — гаворыцца ў дакуменце.

Горш за ўсё, лічаць у МХД, школьнікам. "Бязглуздыя планы, тэндэнцыя да спрашчэння праграм і арыентацыя на працоўныя спецыяльнасці. У ХХІ стагоддзі ў краіне, дзе ёсць патрэба ў IT-тэхналогіях і спецыялістах, школьнікаў арыентуюць на працоўных збанкрутаваных заводаў-гігантаў. Са школьных праграм выкрэсліваюцца важныя жыццёвыя веды. Напэўна, дзяржаве больш патрэбны бяздумны электарат, а не развіццё краіны", — зазначаецца ў заяве.

На думку МХД, сістэму школьнай адукацыі "трэба цалкам рэфармаваць, пазбаўляцца ад савецкіх перажыткаў".

Арганізацыя таксама патрабуе надаць належную ўвагу беларускамоўнай адукацыі. "Трэба, каб у кожным беларускім горадзе была хоць адна беларуская школа. Бо тое, што зараз адбываецца ў галіне беларускамоўнай адукацыі, можа прывесці да моўнай трагедыі і гібелі нацыі", — падкрэсліваюць у МХД.

Не лепшы стан сёння, лічаць у арганізацыі, і ў вышэйшай адукацыі. "Тыя ж тэндэнцыі, што і ў школах. Хоць Беларусь і далучылася да Балонскага працэсу і некалькі год дзейнічала дарожная карта, гэта не выратавала сістэму вышэйшай адукацыі ад застою і дэградацыі. Дзе сёння выбарнасць рэктараў? Студэнцкае самакіраванне? Арыентацыя праграм на рынак? Нічога няма! І працягваць можна шмат. Мы патрабуем, каб улады здзейснілі абяцанае і выканалі ўмовы далучэння да Балонскага працэсу", — гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, на думку МХД, варта стварыць Нацыянальны ўніверсітэт, які б рыхтаваў беларускамоўныя інтэлектуальныя кадры.

"Беларуская сістэма адукацыі патрабуе рэформаў. Не пустых слоў і перасоўванняў ад чарговага закаранелага камуніста на міністэрскай пасадзе, а сапраўдных перамен. Бо за адукацыяй будучыня беларускай нацыі!" — гаворыцца ў заяве.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН