Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/01/918185_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:37
01.09.2017 11:42 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка: Нам патрэбныя адукаваныя рабочыя, якія будуць ствараць канкурэнтаздольныя тавары заўтрашняга дня

Мінск, 1 верасня. Беларуская адукацыя павінна арыентавацца на патрэбы эканомікі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 верасня падчас наведвання Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя М.С.Высоцкага.

"Я ўжо казаў пра гэта на нядаўнім педагагічным савеце і паўтару яшчэ раз: адукацыя павінна арыентавацца на патрэбы эканомікі. Трэба рыхтаваць тых спецыялістаў, якія сёння запатрабаваныя ў нашым жыцці. Дасягнуць поспеху ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі наша краіна зможа толькі сканцэнтраваўшы ўвесь інтэлектуальны рэсурс на стварэнні высокатэхналагічных, навукаёмістых прадпрыемстваў і інавацыйных галін", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, жыццёва неабходна забяспечыць кваліфікаванымі работнікамі такія сферы, як будаўніцтва, перапрацоўчая прамысловасць і машынабудаванне. "Гэта перспектыўныя галіны, і мы будзем іх развіваць, а значыць, і вы будзеце запатрабаваныя. Прычым нам патрэбныя не проста рабочыя рукі, нам патрэбныя майстры сваёй справы, якія сваімі рукамі будуць ствараць дэталі, вузлы, механізмы — канкурэнтаздольныя тавары заўтрашняга дня", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка расказаў, што нядаўна "пазнаёміўся з новым камбайнам "Палессе". "Добрая тэхніка, нічым не саступае імпартным аналагам. Але нам трэба, каб яна не проста не саступала, а пераўзыходзіла тэхніку нашых канкурэнтаў. Суперкамбайн! А таксама супергрузавік, трактар, электрамабіль, пры тым самыя сучасныя. Ідэі і напрацоўкі ў нашых канструктараў ёсць, але, каб яны набылі рэальныя абрысы, патрэбныя адукаваныя рабочыя, людзі, адданыя сваёй справе", — сказаў ён.

У падрыхтоўцы такіх кадраў вядучая роля адводзіцца прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, лічыць афіцыйны лідар. "Мы разглядаем яе як школу фарміравання прафесіянала, грамадзяніна, патрыёта. Бо працоўны чалавек, як ніхто іншы, шануе дасягненні свайго калектыву, прадпрыемства, сваёй краіны. Цэніць мір і дабрабыт. Таму што гэта рабочы чалавек, ён не бандыт, і яму патрэбныя мір і спакой для таго, каб працаваць. Ён кожны дзень укладвае майстэрства, талент і душу ў стварэнне нацыянальнага багацця. Упэўнены, што і вашыя здольнасці, упартасць і мэтанакіраванасць будуць накіраваныя на стварэнне", — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым задача выкладчыкаў заключаецца не толькі ў падрыхтоўцы спецыялістаў, але і ў выхаванні гарманічнай асобы, сапраўднага працоўнага чалавека, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Гэта высакародная місія і разам з тым вялікая праца і вялікая адказнасць. Навучаючы моладзь, вы закладваеце асновы будучыні нашай краіны. Лепшае прызнанне майстэрства настаўніка — поспехі яго вучняў. Перакананы, што ваш вопыт, энтузіязм і імкненне да самаўдасканалення паслужаць годным прыкладам для маладога пакалення", — рэзюмаваў Лукашэнка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН