Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/01/918190_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:13
01.09.2017 13:14 Эканоміка

Часовы кіраўнік ААТ "Сукно": Рашэнне пра санацыю прадпрыемства можа прыняць толькі суд

Мінск, 1 верасня. Рашэнне пра санацыю ААТ "Сукно" можа прыняць толькі суд, паведаміў БелаПАН часовы кіраўнік прадпрыемствам Максім Малашчыцкі.

Пра тое, што ААТ "Сукно" пройдзе працэдуру санацыі, заявіў 31 жніўня старшыня канцэрна "Беллегпрам" Мікалай Яфімчык падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА. "Цяпер ААТ "Сукно" знаходзіцца ў ахоўным перыядзе, і мы будзем уводзіць яго ў санацыю", — сказаў Яфімчык. Прадпрыемства прадае тканіны, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку сілавымі структурамі, але не ў тых аб'ёмах, што патрэбныя для эфектыўнай працы, паведаміў ён. У найбліжэйшай будучыні плануецца разгледзець магчымасць перамяшчэння "Сукна" на плошчы ААТ "Камволь". "Мне не хацелася б адмаўляцца ад ідэі стварэння адзінай вытворчасці, дакладней, адпаведнага цэха на "Камволі", — адзначыў старшыня канцэрна.

Эканамічны суд Мінска ў пачатку ліпеня распачаў справу аб эканамічнай неплацежаздольнасці ААТ "Сукно". Як вынікае з матэрыялаў справы, апублікаваных на сайце bankrot.gov.by, заява аб прызнанні банкрутам паступіла ад самога тэкстыльнага прадпрыемства. "Сукно" згадала, што яно мае неплацежаздольнасць, якая набывае ўстойлівы характар.

Паводле рашэння суда на прадпрыемстве усталяваны ахоўны перыяд да 27 верасня 2017 года. Часовым упраўляючым прызначаны Максім Малашчыцкі. Паводле слоў кіраўніка, у заяве ААТ "Сукно" паказана, што крэдыторская запазычанасць прадпрыемства складае 11 млн рублёў, а кошт маёмасці — 16 млн рублёў.

"Казаць пра санацыю пакуль рана, да яе яшчэ далёка. Яшчэ дзейнічае ахоўны перыяд. Але такі варыянт разглядаецца", — паведаміў БелаПАН Малашчыцкі.

Ён падкрэсліў, што да рашэння аб санацыi павінна прайсці конкурсная вытворчасць. Потым, калі будуць устаноўленыя ўсе крэдыторы, будзе складзены план санацыi, які павінен зацвердзіць сход крэдытораў. "Гэтая працэдура доўгая. А працэдура санацыі можа быць запушчаная толькі пасля рашэння суда па выніках конкурснай вытворчасці", — растлумачыў часовы кіраўнік.

Малашчыцкі паведаміў, што цяпер ён займаецца аналізам фінансавага стану прадпрыемства. "Я ўсталёўваю прыкметы плацежаздольнасці. І гэты аналіз я павінен буду прадставіць суду. І ён будзе вырашаць мэтазгоднасць адкрыцця конкурснай вытворчасці. Але я пра гэта буду хадайнічаць", — сказала кіраўнік.

Пра тое, што аб'яднанне з ААТ "Сукно" можа адбыцца пасля выхаду на поўную магутнасць ААТ "Камволь", паведаміў 17 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня "Беллегпрама" Мікалай Яфімчык.

На пытанне БелаПАН, ці гатовы праект указа прэзідэнта аб аб'яднанні, чыноўнік адказаў: "Праект указа мы не рыхтуем і думаем, што яго і не трэба рыхтаваць. Мы спадзяемся, што мы зможам прадаць пляцоўку ААТ "Сукно" і атрыманых сродкаў хопіць на перасоўванне на камвольны камбінат".

Яфімчык падкрэсліў, што пытанне аб'яднання гэтых прадпрыемстваў абмяркоўваецца ўжо даўно. "Тэхналагічна і эканамічна  іх аб'яднаць. Па тэхналагічных цыклах гэта вельмі блізкія вытворчасці. Суконная вытворчасць можа выкарыстоўваць на 100% адходы камвольнай. Калі мы цалкам загрузім "Камволь", і ён будзе вырабляць 6 млн метраў тканін штогод, то адходаў атрымаецца каля 200 тон, што можа цалкам быць засвоена на суконнай вытворчасці, якую мы плануем захаваць", — растлумачыў кіраўнік канцэрна.

Сярод эканамічных выгод ён назваў аптымізацыю колькасці працуючых, засваенне вызваленых ў выніку рэканструкцыі плошчаў на "Камволі", продаж будынка і тэрыторыі "Сукна" (43 тыс. кв. метраў).

"Пакуль галоўная задача — давесці ўсё да канчатковага выніку па ААТ "Камволь" і паволі, бязбольна, без прыцягнення дадатковых крыніц з бюджэту, перавезці "Сукно". І гэта будзе аб'яднанае нармальнае прадпрыемства", — лічыць Яфімчык.

У канцы сакавіка намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка выказаў думку, што рашэнне аб аб'яднанні ААТ "Камволь" і "Сукно" можа быць прынятае да канца 2017 года. "Можа, пачакаем крыху, каб раскруціўся наш "Камволь". Але аб'яднанне непазбежнае, на маю думку", — сказаў ён.

Мадэрнізацыя ААТ "Камволь" праходзіць у рамках рэалізацыі ўказа прэзідэнта № 510 ад 2015 года.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН