Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/01/918225_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:37
01.09.2017 14:29 Грамадства

У нацыянальным аэрапорце Мінск затрыманы наркатрафікёр

Мінск, 1 верасня. Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС пры садзеянні калегаў з Мінскага аддзела ўнутраных спраў на паветраным транспарце ў нацыянальным аэрапорце Мінск 30 жніўня затрымалі грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які перавозіў какаін.

Як паведамляе МУС Беларусі, раней судзімы за незаконны абарот наркотыкаў 52-гадовы жыхар Растоўскай вобласці накіроўваўся на радзіму з Перу транзітам праз Амстэрдам і Мінск. Аператыўную інфармацыю пра магчымае прыбыццё трафікёра з Лацінскай Амерыкі аператыўнікі атрымалі напярэдадні. Высветлілася, што падобным маршрутам мужчына прылятаў на самалёце ў Беларусь з краін Заходняй Еўропы не аднойчы.

Спецаперацыя па затрыманні зламысніка праводзілася ў шчыльным узаемадзеянні з супрацоўнікамі мытнай і памежнай службы аэрапорта. Пры надглядзе ручной паклажы ў падазронага выяўлена звыш 140 г рэчыва белага колеру. Пасля спецыялісты ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінску высветлілі, што парашок змяшчае ў сваім складзе какаін. Ён быў грунтоўна, практычна заводскім спосабам, спакаваны ў ёмістасць ад касметычнай прысыпкі. Таксама канфіскавана пасведчанне члена міжнароднай асацыяцыі паліцэйскіх, сапраўднасць якога выклікае сумнеў, бо да службы ў праваахоўных структурах мужчына ніякага дачынення не меў.

Кастрычніцкім (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў). Мужчына, кіраўнік створанага ім жа дабрачыннага фонду, узяты пад варту.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН