Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/02/918352_445568/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 06:56
02.09.2017 13:12 Эканоміка, Палітыка

Дварковіч: Расія мае намер выканаць графік паставак нафты Беларусі ў 24 млн тон

Мінск, 2 верасня. Расія плануе выканаць у 2017 годзе графік паставак нафты ў Беларусь у памеры 24 млн тон, паведаміў 2 верасня журналістам віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч.
"Будзе пастаўлена 24 млн [тон нафты]. Але як іх будзе выкарыстоўваць беларускі бок — гэта іх справа. А мы паспеем нагнаць гэтыя 24 млн тон? Ну, невялікія адхіленні заўсёды могуць быць, але яны не будуць істотнымі. У балансе 24 млн, і мы будуем усе графікі, каб атрымаць прыблізна 24 млн тон", — цытуе Дварковіча ТАСС.

3 красавіка прэзідэнты Беларусі і Расіі паводле вынікаў сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу паведамілі пра рашэнне нафтагазавых праблем. Згодна з падпісанымі 13 красавіка міжурадавымі дакументамі, Расія павінна аднавіць пастаўкі нафты ў аб`ёме 24 млн тон штогод з 2017 па 2024 гады.

Разам з тым у жніўні міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак паведаміў, што Расія мае магчымасць паставіць у Беларусь менш за заяўленыя 24 млн тон нафты ў 2017 годзе ў межах заключаных з рэспублікай дамоўленасцяў.

"Там ёсць пэўныя ў рамках падпісаных (пагадненняў) магчымасці пастаўляць у меншым аб`ёме, але пры гэтым магчымая доля да рэалізацыі нашымі беларускімі партнёрамі ў агульным аб`ёме будзе не большай за 24 млн тон", — сказаў Новак у адказ на пытанне, ці ёсць у Расіі магчымасць паставіць менш за заяўлены аб`ём нафты і ці трэба Расіі гэты недахоп неяк кампенсаваць.

Некалькімі днямі раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра неабходнасць звязаць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з транспартаваннем выпрацаваных нафтапрадуктаў цераз Расію. "Гэта трэба абмяркоўваць ў больш шырокім фармаце. Бо на беларускіх НПЗ перапрацоўваецца наша нафта, іншай там няма і наўрад ці з`явіцца, таму гэта трэба запакетаваць — атрыманне нашай нафты ад адпаведных пытанняў выкарыстання нашай інфраструктуры", — заявіў Пуцін 16 жніўня ў Калініградскай вобласці на нарадзе па развіцці транспартнай інфраструктуры Паўночнага Захаду РФ.

Кіраўнік Расійскіх чыгунак Алег Белазёраў паскардзіўся прэзідэнту Расіі, што беларусы адмаўляюцца ад паслуг расійскіх чыгунак на карысць прыбалтыйскай інфраструктуры, матывуючы гэта доўгатэрміновымі кантрактамі.

Днём пазней прэм`ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс у інтэрв`ю радыёстанцыі Ziniu radijas заявіў, што ў выпадку калі Расія прымусіць Беларусь экспартаваць нафтапрадукты цераз яе жалезныя дарогі і парты, гэта можа быць эканамічна нявыгадна і небяспечна для Мінска.

"Напрамак грузаў па чыгунках Расіі цераз парты Расіі для Беларусі можа быць і нявыгадна эканамічна, і небяспечна стратэгічна, калі мець на ўвазе, што гэтыя [расійскія] парты замярзаюць і кліматычныя ўмовы там зусім іншыя. Гэта асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе пра перавозку нафтапрадуктаў", — сказаў кіраўнік літоўскага ўрада.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН