Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/02/918374_569882/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 10:35
02.09.2017 17:10 Эканоміка, Фінансы

У студзені—ліпені ў бюджэт Мінскай вобласці звыш плана паступіла 408 млн рублёў падаткаў і непадатковых плацяжоў

Мінск, 2 верасня. У студзені—ліпені 2017 года ў бюджэт Мінскай вобласці паступіла 1 млрд 963,2 млн рублёў падаткаў, збораў і непадатковых плацяжоў, у тым ліку ў даход рэспубліканскага бюджэту — 789,7 млн рублёў, мясцовых бюджэтаў — 1 млрд 173,5 млн рублёў.

Як паведамляе прэс-цэнтр інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінскай вобласці, наяўны план даходаў кансалідаванага бюджэту выкананы на 126,2% (звыш плана паступіла 407,9 млн рублёў). Да ўзроўню студзеня—ліпеня 2016 года плацяжы выраслі на 25,6% у супастаўных цэнах.

Дзяржаўнымі арганізацыямі забяспечана 49,2% усіх плацяжоў. Адносна леташняга ўзроўню іх плацяжы павялічыліся ў супастаўных цэнах на 68,9%.

Доля плацяжоў арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці ў даходах бюджэту вобласці склала 45,3%. У студзені—ліпені 2017 года іх плацяжы выраслі на 2,6% у супастаўных цэнах.

Падатковыя плацяжы суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва склалі 688,3 млн рублёў, або 111,6% да ўзроўню студзеня—ліпеня 2016 года ў супастаўных цэнах. Доля іх паступленняў у даходах кансалідаванага бюджэту вобласці склала 35,1%.

Індывідуальнымі прадпрымальнікамі забяспечанае паступленне 2,1% у даходах бюджэту. Тэмп прыросту іх плацяжоў да ўзроўню студзеня—ліпеня 2016 года ў супастаўных цэнах склаў 4,8%.

У разрэзе відаў падаткаў найбольшыя сумы паступілі: па падаходным падатку — 385,7 млн рублёў, ці 19,6% у даходах кансалідаванага бюджэту; падатку на прыбытак — 302,3 млн рублёў (15,4%); падатку за здабычу — 282,2 млн рублёў (14,4%); акцызах — 88,3 млн рублёў (4,5%); падатку на нерухомасць (з улікам падатку на незавершанае будаўніцтва) — 86,7 млн рублёў (4,4%).

У фармаванні бюджэту Мінскай вобласці ў студзені—ліпені 2017 года ўдзельнічалі больш за 847 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку больш за 33 тыс. арганізацый, 36 тыс. ІП і 778 тыс. фізічных асоб, якія выплачваюць маёмасныя плацяжы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН