Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/03/918421/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 10:54
03.09.2017 17:36 Палітыка

Рух "За Свабоду": Вучэнні "Захад-2017" супярэчаць палажэнню Канстытуцыі аб нейтральным статусе Беларусі і ствараюць напружанасць у адносінах з еўрапейскімі краінамі

Мінск, 3 верасня. Беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017", якія пройдуць з 14 па 20 верасня на тэрыторыі Беларусі, "супярэчаць палажэнню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб нейтральным статусе краіны і яе нацыянальным інтарэсам", гаворыцца ў заяве, якую прыняла рада руху "За Свабоду".

Як лічыць кіраўніцтва арганізацыі, вучэнні "ствараюць напружанасць у адносінах з еўрапейскімі краінамі і падрываюць рэпутацыю Беларусі як надзейнага партнёра, які прытрымліваецца нейтралітэту, палітыкі добрасуседства і з`яўляецца пляцоўкай перамоваў для ўдзельнікаў лакальных канфліктаў".

У межах вучэнняў, нагадваецца ў заяве, у Беларусь прыбудуць, "па афіцыйных звестках, да трох тысячаў расійскіх ваенных і вялікая колькасці ваеннай тэхнікі".

Члены рады звярнулі ўвагу, што Расія "праводзіць агрэсіўную знешнюю палітыку і ўяўляе прамую пагрозу", ёсць небяспека для суверэнітэту Беларусі, "у выпадку калі расійскія войскі застануцца ў краіне пасля завяршэння "Захаду-2017". Акрамя таго, заклапочанасць пагрозай стабільнасці ў рэгіёне выказвалі кіраўнікі, палітыкі і прадстаўнікі грамадства краінаў-суседзяў (Польшча, Літва, Украіна), адным з умоўных праціўнікаў для ўдзельнікаў вучэнняў абвешчаная заходняя частка тэрыторыі Беларусі (так званая Вейшнорыя).

Рух "За Свабоду" падзяляе "засцярогі беларускага грамадства з нагоды выкарыстання падчас вучэнняў у якасці магчымага праціўніка часткі тэрыторыі Беларусі, так званую Вейшнорыю", а таксама "выказвае занепакоенасць скіраванасцю ўладаў Рэспублікі Беларусь на празмернае і аднабаковае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у ваеннай сферы".

Арганізацыя патрабуе: забяспечыць празрыстасць правядзення вучэнняў і грамадскі кантроль над імі, неадкладна вывесці з Беларусі ўсіх замежных удзельнікаў вучэнняў пасля іх завяршэння, у далейшым адмовіцца ад выкарыстання частак Беларусі ў якасці ўмоўнага праціўніка падчас правядзення любых вучэнняў.

Акрамя таго, на думку аўтараў дакумента, неабходна "ўнесці змены ў Ваенную дактрыну Беларусі, улічыўшы, што на сёння пагроза агрэсіі можа сыходзіць для нашай краіны з боку Расіі, і падчас вайсковых вучэнняў трэба адпрацоўваць абарону ў тым ліку і ад яе".

"Рух "За Свабоду" выступае за мірную і нейтральную Беларусь, супраць замежных войскаў на тэрыторыі нашай краіны і вучэнняў з Расіяй, якая з`яўляецца краінай-агрэсарам", — заяўляе рада арганізацыі.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН