Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/04/918452_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 16:39
04.09.2017 12:39 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка адзначыў прагрэс у развіцці беларуска-грузінскага супрацоўніцтва і адсутнасць спрэчных пытанняў

Мінск, 4 верасня. Аб прагрэсе ў развіцці беларуска-грузінскага супрацоўніцтва і адсутнасці спрэчных пытанняў заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 верасня ў Мінску на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра — міністрам замежных спраў Грузіі Міхеілам Джанелідзэ.

"Цэлы комплекс уражанняў, ведаў, нашых адносін падштурхоўваюць нас да таго, каб мы і далей мелі вельмі блізкія сяброўскія адносіны з грузінскім народам. Дзякуй богу, апошнім часам мы вельмі актыўна ўзяліся за развіццё нашых адносін. Вядома, без міністэрстваў замежных спраў гэта было б немагчыма. У нас практычна няма пытанняў, па якіх мы б спрачаліся. Мы вельмі патрэбныя вам, вы вельмі патрэбныя нам. Нашы эканомікі не канкуруюць адна з адной", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць Беларусі і далей пастаўляць у Грузію неабходную прадукцыю машынабудавання. "Мы з вялікім задавальненнем бярэмся за новыя ўзоры тэхнікі. Каб вырабіць іх для Грузіі і горных краін, дзе трэба апрацоўваць невялікія шматкі зямлі, якія эфектыўныя і даюць вельмі добрыя ўраджаі", — сказаў ён.

Беларускі афіцыйны лідар таксама падкрэсліў вялікую павагу і цікавасць у Беларусі да грузінскага народу і яго культуры. "Мы заўсёды гатовыя працаваць разам, супрацоўнічаць. Вы нам людзі не чужыя. Грузіны — нашы браты", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі захоўваюць памяць пра прадстаўнікоў Грузіі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы ад захопнікаў Савецкі Саюз і Беларусь як яго частку. "Мы гэта добра памятаем і свята захоўваем ўсе помнікі, даглядаем іх", — сказаў прэзідэнт.

"Сумесных старонак гісторыі, нягледзячы на некаторую геаграфічную аддаленасць, у дзвюх краін нямала. Мы ведаем, што вялікая грузінская нацыя, культура грузінскага народа спрыяла развіццю культур іншых народаў, у тым ліку і нашай", — заўважыў ён.

Лукашэнка запэўніў, што беларускі бок заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу Грузіі ў цяжкіх сітуацыях. "Нядаўна здарылася бяда ў вас у гарах. Ваш адзін званок — і мы адгукнуліся на гэтую бяду. Нашы людзі заўсёды будуць узорам выканання свайго абавязку, на якой бы зямлі яны ні знаходзіліся. Гэта яскравы прыклад таго, што вы заўсёды можаце разлічваць на сваіх беларусаў. Вы заўсёды жаданыя госці ў нас у Беларусі", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася, верталёт Мі-26 авіяцыі МНС Беларусі ў канцы жніўня ўдзельнічаў у тушэнні буйнога ляснога пажару ў Баржомскай цясніне.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН