Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/04/918515_918516/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:43
04.09.2017 15:02 Грамадства

Мінчане прапаноўваюць надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці сталічнаму жылому кварталу каля гасцініцы "Пекін"

Мінск, 4 верасня. Ініцыятыўная група жыхароў сталічных дамоў, размешчаных каля гасцініцы "Пекін", накіравала ў адміністрацыю Ленінскага раёна, Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры зварот з прапановай надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці жылому кварталу ў межах вуліцы Чырвонаармейскай — завулка Казарменнага — ракі Свіслач — парку 40-годдзя Кастрычніка як узору жылой квартальнай забудовы 1950-х гадоў. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе грамадскага руху "Экаград".

Забудова ўяўляе сабой замкнёны квартал з унутранай дваровай тэрыторыяй і размешчанымі па яе перыметры жылымі дамамі, які задумваўся і будаваўся як адзінае цэлае. З сямі дамоў квартала тры ўжо маюць статус гісторыка-культурнай спадчыны (дамы № 5 і № 5а па Казарменным завулку і № 34 па вуліцы Чырвонаармейскай). На наданне адпаведнага статусу астатнім чатыром дамам і арыентаваны зварот грамадзян, пад якім падпісаўся 261 жыхар.

Як гаворыцца ў звароце грамадзян, "у выніку ўсебакова прадуманай палітыкі клопату пра людзей тут было ўсё для жыцця: яслі, дзіцячы сад, дзіцячая пляцоўка, лыжная база, клуб па інтарэсах — шашкі, шахматы і гэтак далей. На спортпляцоўцы пастаянна трэніраваўся, разам са многімі жыхарамі двара, адзіны беларускі гулец НХЛ Міхаіл Грабоўскі. У гэтым жа двары жыве сям`я Аляксандра Філічава, ардэнаносца, які быў снайперам пад Ленінградам, а пасля ранення танкістам, дайшоў да Берліна, і пасля вайны, праявіўшы баявую загартоўку, стаў лепшым станочнікам-расточнікам СССР". "І такіх гераічных людзей, узнагароджаных толькі ордэнамі баявога Чырвонага сцяга і ордэнамі Айчыннай вайны, было больш за 15 чалавек", — гаворыцца ў лісце.

"Мы прарабілі сур`ёзную працу і сабралі ў архівах матэрыялы па гісторыі стварэння квартала, пра людзей, якія пабудавалі яго, былых партызан, падпольшчыкаў, байцоў Чырвонай Арміі (дзясяткі ардэнаносцаў), i пра выдатных асоб, якiя жылi ў квартале, у тым ліку перадавікоў вытворчасці флагмана тых часоў — завода Кастрычніцкай рэвалюцыі. Усё гэта выклікае яшчэ большую цікавасць да гісторыі квартала і адначасова гонар мясцовых жыхароў. Мы спадзяемся, што ўлады горада ўважліва разгледзяць наш зварот і прымуць меры для пашырэння спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Мінска", — адзначыла член ініцыятыўнай групы Людміла Гайкоўска.

Згодна з праектам дэталёвай планіроўкі, які быў прадстаўлены жыхарам у чэрвені, улады хочуць знесці двухпавярховыя дамы на Чырвонаармейскай, 20 і 22, двор у Казарменным завулку ўшчыльніць, вынесці з грамадскай зоны завод імя Кірава, склады, майстэрні і размясціць на іх месцы шматфункцыянальныя грамадскія комплексы і шматфункцыянальныя комплексы з блокамі жылой шматкватэрнай высакашчыльнай забудовы. Тут таксама хочуць пабудаваць аўтастаянкі, паркінгі, пляцоўкі для гульняў, адпачынку, спорту. Пры гэтым, як паведамілі распрацоўшчыкі, усё гэта плануецца ў выпадку знаходжання інвестараў, якіх на гэты момант няма.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН