Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/04/918543_918544/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 03:35
04.09.2017 16:57 Эканоміка, Фінансы

Дзелавая супольнасць настойвае на змене ўказа прэзідэнта аб адказнасці за здзелкі з контрагентамі, прызнанымі лжэпрадпрымальніцкімі структурамі

Мінск, 4 верасня. Дзелавая супольнасць настойвае на змене указа прэзідэнта ад 23 кастрычніка 2012 года № 488 "Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў". Добрасумленныя суб'екты гаспадарання не павінны несці адказнасць заднім чыслом за здзелкі з контрагентамі, якія пасля былі прызнаныя лжэпрадпрымальніцкімі структурамі, лічаць прадстаўнікі бізнес-саюзаў.

Адпаведную пазіцыю прадстаўнікі Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага (БСПН) данеслі да кантралюючых органаў падчас абмеркавання, якое адбылося 24 жніўня ў Камітэце дзяржкантролю, паведаміла 4 верасня прэс-служба БСПН.

"Даводзіцца канстатаваць негатыўную практыку прымянення ўказа № 488. Санкцыі ў рамках гэтага нарматыўнага прававога акта стварылі нямала праблем для добрасумленных суб'ектаў гаспадарання, а некаторых практычна давялі да разарэння", — адзначыла прэс-служба.

Згодна з указам № 488 здзелка з ілжэпрадпрымальніцкай структурай прызнаецца несапраўднай, нават калі была заключана да таго, як контрагент трапіў у рэестр камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў з павышанай рызыкай учынення правапарушэнняў у эканамічнай сферы. Адказнасць наступае і ў выпадку, калі здзелка была належным чынам аформлена, а падаткі выплачаныя. Такія нормы перашкаджаюць працы добрасумленных суб'ектаў гаспадарання і ствараюць прэзумпцыю вінаватасці юрыдычных асоб і ІП, лічаць прадстаўнікі бізнес-супольнасці.

На іх думку, змены ва ўказ № 488, унесеныя ўказам ад 22 красавіка 2016 года № 14, "не ліквідавалі рызыкі для добрасумленнага бізнесу, а толькі спрасцілі парадак правядзення праверак і спагнання сродкаў у бюджэт". З'явілася магчымасць "адкупіцца" ад адміністрацыйнай адказнасці пасля добраахвотнай выплаты даналічаных падаткаў, што раўназначна прызнанню сябе парушальнікам падатковага заканадаўства, адзначылі ў БСПН.

Саюз таксама занепакоены практыкай аднясення прадпрыемстваў і ІП да катэгорыі лжэпрадпрымальніцкіх структур. Па стане на красавік 2017 года 5.375 з 7.609 суб'ектаў гаспадарання апынуліся ў рэестры нядобранадзейных толькі таму, што не знаходзіліся па сваім юрыдычным адрасе. Толькі 257 суб'ектаў прызнаныя лжэпрадпрымальніцкімі па рашэнні суда.

"Бянтэжаць як прынцыпы вызначэння тых, хто схільны да ўчынення правапарушэнняў у эканамічнай сферы, так і тэмпы павелічэння колькасці такіх суб'ектаў. Апынуцца ў спісе нядобранадзейных рызыкуе вельмі вялікая колькасць айчынных прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, што дыскрэдытуе бізнес Беларусі ў цэлым і падрывае яе інвестыцыйную прывабнасць", — лічаць у бізнес-саюзе.

На думку БСПН, неабходна выключыць адказнасць добрасумленнага ўдзельніка здзелкі за дзеянні нядобрасумленнага. Бо арганізацыя не мае магчымасці і не павінна праводзіць следчыя дзеянні са сваім партнёрам. У тым ліку варта скасаваць адміністрацыйную адказнасць і паўторнае падаткаабкладанне пры рэальна праведзеных аперацыях, пацверджаных першаснымі ўліковымі дакументамі.

"Катэгарычна непрымальная практыка накладання адміністрацыйных спагнанняў і даналічэння падаткаў за перыяд, калі контрагент не быў уключаны ў рэестр. Неабходна канкрэтызаваць паняцце "добрасумленны набытчык". Такім прапаноўваецца лічыць суб'ект прадпрымальніцкай дзейнасці, які не ведаў і не мог ведаць пра тое, што асоба, з якой ён у дагаворных адносінах, можа адносіцца да суб'ектаў з павышанай рызыкай учынення правапарушэнняў", — падкрэсліла прэс-служба БСПН.

Гэтыя і іншыя прапановы з абгрунтаваннем былі накіраваныя ў выглядзе аналітычнай запіскі ў дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК, а таксама вусна выкладзены на сустрэчы ў камітэце. "На жаль, прадстаўнікі ДФР і падатковых службаў, якія выступілі на мерапрыемстве, не прадэманстравалі разумення таго, што нормы ўказа № 488 патрабуюць перагляду", — паведаміла прэс-служба.

"Пры падрыхтоўцы сустрэчы ў нас запыталі прапановы па змяненні дзейнага заканадаўства, і мы іх унеслі. Нам здавалася, што размова будзе сур'ёзнай, тым больш што ініцыятыва пачаць дыялог зыходзіла ад Адміністрацыі прэзідэнта, аднак у выніку склалася ўражанне, што нашы аргументы не пачуты", — адзначыла сустаршыня праўлення, дырэктар БСПН імя Куняўскага Жанна Тарасевіч. Паводле слоў кіраўніка бізнес-саюза, прадстаўнікі кантралюючых органаў настойваюць на захаванні дзейных норм і не ўяўляюць, як без цяперашняй рэдакцыі ўказа № 488 можна эфектыўна змагацца з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі.

Дзелавая грамадскасць спадзяецца, што змены ва ўказ № 488 усё ж будуць унесеныя з дапамогай праекта дэкрэта "Аб развіцці прадпрымальніцтва і выключэнні залішніх патрабаванняў, што выстаўляюцца да бізнесу", які цяпер рыхтуецца, і спадарожных дакументаў.

"На сустрэчы прагучала прапанова стварыць рабочую групу і больш дэталёва папрацаваць з указам, што мы, вядома, падтрымліваем, — адзначыла Тарасевіч. — Дыялог павінен працягнуцца, і, напэўна, бізнесу варта знайсці больш аргументаў, каб пазначыць праблемы, а органам дзяржкіравання — глыбей у іх паглыбіцца, каб знайсці кампраміс".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН