Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/05/918620_918621/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 21:05
05.09.2017 11:15 Грамадства

У Астраханскай вобласці праводзяцца сумесныя вучэнні супрацьпаветранай абароны краін СНД "Баявая Садружнасць — 2017"

Мінск, 5 верасня. На палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці Расіі праходзіць актыўная фаза вучэнняў "Баявая Садружнасць — 2017".

Як паведамляе Міністэрства абароны РФ, у рамках вучэнняў войскі СПА узброеных сіл дзяржаў — удзельніц аб'яднанай сістэмы СПА СНД заступілі на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ахоўнага раёна.

Часткі і падраздзяленні СПА здзейснілі маршы ў новыя пазіцыйныя раёны, дзе разгарнулі баявую тэхніку на пазіцыях і пачалі несці баявое дзяжурства па кантролі паветранай прасторы ва ўстаноўленай зоне адказнасці.

У ходзе вучэнняў будуць разыграны розныя тактычныя эпізоды па арганізацыі сумеснага прымянення кааліцыйных груповак авіяцыі і войскаў супрацьпаветранай абароны краін Садружнасці незалежных дзяржаў у рэгіёнах калектыўнай бяспекі пры антытэрарыстычных дзеяннях і ва ўзброеных канфліктах.

Радыётэхнічныя падраздзяленні адпрацуюць задачы па забеспячэнні кантролю паветранага становішча ў ахоўным раёне, суправаджэнні цэляў і выдачы цэлеўказання зенітным ракетным падраздзяленням, якім трэба будзе ва ўмовах складанага становішча з перашкодамі знішчыць вышынныя, малавышынныя і балістычныя цэлі ва ўсім дыяпазоне вышынь і хуткасцяў сродкамі зенітных ракетных сістэм С-400 "Трыумф", С-300 "Фаварыт", "Пячора-2М", зенітных ракетна-гарматных комплексаў "Панцыр-С".

Асноўны эпізод актыўнай фазы сумесных вучэнняў войскаў СПА узброеных сіл дзяржаў — удзельніц аб'яднанай сістэмы СПА СНД "Баявая Садружнасць — 2017" пройдзе на астраханскім палігоне 7 верасня.

Усяго ў сумесных вучэннях узброеных сіл дзяржаў — удзельніц аб'яднанай сістэмы СПА СНД прымаюць удзел больш за 2.000 ваеннаслужачых Паветрана-касмічных сіл, войскаў СПА, ВПС і СПА, Сіл паветранай абароны, Паветраных сіл узброеных сіл шасці дзяржаў — удзельніц СНД: Расіі, Беларусі, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Арменіі.

У вучэннях задзейнічана звыш 200 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку зенітныя ракетныя сістэмы С-400 "Трыумф", С-300 "Фаварыт", ЗРПК "Панцыр-С" а таксама самалёты МіГ-29, Су-24, Су-34, Су-27, Су-30, Су-25, МіГ-31, Ту-22, верталёты Мі-8АМТШ і іншая тэхніка.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН