Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/05/918634_918635/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:17
05.09.2017 12:50 Палітыка, Грамадства

У мінскім аэрапорце затрыманая і выдадзеная сваякам 21-гадовая бежанка з Чачні

Мінск, 5 верасня. У мінскім аэрапорце 4 верасня была затрыманая і выдадзеная сваякам 21-гадовая бежанка з Чачні Луіза Дудуркаева. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org са спасылкай на псіхолага Валянціну Ліхашву і юрыста дзяўчыны, якія яе суправаджалі ў пераездзе ў Нарвегію.

Дудуркаева збегла з Чачні ў канцы чэрвеня. З`ехаць яе вымусілі пагрозы пасля публікацыі фота ў супольнасці "Карфаген" у сацыяльнай сетцы "УКантакце". Члены супольнасці "Карфаген" называюць сябе "змагарамі за маральнасць" у Чачні, яны пераследуюць чачэнак за іх фатаграфіі ў сацсетках. Рух носіць рэлігійны характар і ставіць сваёй мэтай "ачышчэнне вайнахскага народа".

Луізе дапамаглі праваабаронцы, і 31 жніўня яна атрымала дакументы бежанца і шэнгенскую візу ад Каралеўства Нарвегія. 3 верасня дзяўчына ў суправаджэнні юрыста і псіхолага вылецела з Мурманска ў Маскву, каб затым праз Мінск вылецець у Осла. У маскоўскім аэрапорце Шарамецьева іх чакалі паліцэйскія, якія затрымалі Дудуркаеву для дачы тлумачэнняў, паколькі ў Чачні па заяве яе сваякоў распачатая вышуковая справа "па страце роднасных сувязяў". У дзяўчыны ўзялі тлумачэнні, пасля чаго адпусцілі, бо падстаў для яе затрымання не было. Разам з юрыстам Дудуркаева папрасіла выдаліць яе з базы федэральнага вышуку, а затым вылецела ў Мінск.

Пасля прыбыцця ў Мінск 4 верасня бежанка і асобы, якія яе суправаджалі, прайшлі пашпартны і мытны кантроль, ім паставілі адпаведныя адзнакі ў праязныя дакументы. Яны накіраваліся ў залу для пасадкі на наступны рэйс, але праз некаторы час іх вярнулі на пункт кантролю. Супрацоўнікі беларускай міліцыі адвялі Дудуркаеву ў пакой для допыту, юрыста туды не дапусцілі, нягледзячы на тое што ў яго ёсць натарыяльна завераная даверанасць прадстаўляць інтарэсы дзяўчыны.

Пазней стала вядома, што з Луізай Дудуркаевай на працягу гадзіны размаўляў супрацоўнік крымінальнага вышуку, які адмовіўся назваць сваё імя і прозвішча праваабаронцам, але паказаў ім дакумент, дзе значылася, што дзяўчына знаходзіцца ў вышуку як зніклая без вестак. "Пасля допыту Луіза выйшла да праваабаронцаў уся ў слязах, побач з ёй быў яе біялагічны бацька. Падстаў для яе затрымання па-ранейшаму не было, аднак, каб юрыст мог і далей прадстаўляць яе інтарэсы, дзяўчына павінна была пацвердзіць свае намеры працягнуць сваю паездку ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі. Дзяўчына са слязамі выціснула з сябе, што паедзе дадому", — паведамляе spring96.org.

Беларускія праваабаронцы лічаць, што супрацоўнікі паліцыі далі інфармацыю аб намерах дзяўчыны і яе месцазнаходжанні сваякам супраць яе волі і ў Чачні яе жыццё знаходзіцца пад пагрозай.

"Луіза знаходзіцца ў перадсуіцыдальным стане, — заявіла псіхолаг Валянціна Ліхашва. — Я лічу, што яна змяніла сваё рашэнне пад уздзеяннем пагроз яе бацькі, які знаходзіўся пры допыце. Пры гэтым яе прадстаўніка на допыт не пусцілі. Шанцы, што пасля вяртання ў Чачню яе заб`юць, вельмі і вельмі вялікія. Я сур`ёзна асцерагаюся за яе жыццё і здароўе. А супрацоўнікі беларускай міліцыі ўвесь гэты час адкрыта кпілі з яе і з нас".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН