Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/05/918637_918638/
Дата раздрукоўкі: 01.10.2020 02:09
05.09.2017 12:21 Эканоміка

Лукашэнка: Усё лішняе з крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства трэба прыбраць, але падкрэсліваю — не выплюхніце дзіця

Мінск, 5 верасня. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным пастаянны і актыўны ўдзел дзяржорганаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў развіцці эканомікі, у тым ліку ў вырашэнні пытанняў выканання рэжыму эканоміі, выкараненні крадзяжоў і іншых злоўжыванняў. Пра гэта ён заявіў 5 верасня на нарадзе з кіраўніцтвам дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі, праваахоўных органаў і ведамстваў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Лукашэнка падкрэсліў, што "справа не ў закручванні гаек". "Ніякіх гаек мы закручваць не збіраемся. У сувязі з гэтым яшчэ раз трэба звярнуць увагу на прапрацоўку крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства. Усё лішняе трэба прыбраць. Гэты працэс ідзе. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, прыбіраючы, не выплюхніце дзіця. Састарэлыя нормы нам не патрэбныя ў нашым заканадаўстве. Новыя павінны спрыяць развіццю эканомікі, а не тармажэнню", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што генеральнаму пракурору даваліся даручэнні ў дачыненні да спагнання пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці замежных партнёраў перад беларускімі эканамічнымі суб'ектамі, а таксама па кантролі за своечасовай выплатай заробкаў.

"Мы сёння бярэм крэдыты пад пэўныя працэнты, а нямала соцень мільёнаў долараў боўтаецца за межамі краіны — неаплачаных за пастаўленыя тавары і паслугі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама пацікавіўся, як забяспечваецца пакрыццё эканамічнага ўрону ад злачынстваў.

Яшчэ адной тэмай нарады сталі бяспека і правы непаўналетніх, папярэджанне выпадкаў насілля ў сем'ях і барацьба са злоўжываннем алкаголем. "Мы з міністрам унутраных спраў у свой час вызначалі, што асноўную ўвагу мы павінны звярнуць на спыненне цяжкіх злачынстваў і злачынстваў на сяле. Як вырашаюцца гэтыя пытанні?" — задаў пытанне Лукашэнка.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239