Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/05/918638_918639/
Дата раздрукоўкі: 01.10.2020 01:08
05.09.2017 13:08 Грамадства

Вынесеныя прысуды чарговай групе былых ашмянскіх мытнікаў

Мінск, 5 верасня. 5 верасня ў судзе Партызанскага раёна Мінска абвешчаныя прысуды чарговай групе ашмянскіх мытнікаў. На лаве падсудных былі 11 чалавек, якія абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Як паведаміла БелаПАН памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян, суд прызначыў абвінавачваным пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да адзінаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пэўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Шэсць абвінавачваных былі ўзятыя пад варту ў зале суда.

Працэсы па справе ашмянскіх мытнікаў праходзяць у Мінску ўжо на працягу двух гадоў. Дзве справы яшчэ слухаюцца ў раённых судах сталіцы.

Нагадаем, 3 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Дзяржаўны мытны камітэт, расказаў пра выкрытую карупцыйную схему ў дзейнасці Ашмянскай мытні: "Зусім нядаўна выявіўся абуральны выпадак. Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста "Каменны Лог". Крымінальная схема дзейнічала працяглы тэрмін. Фігурантамі з'яўляюцца каля 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі долараў".

"Чаму пры наяўнасці вопытнага цэнтральнага апарату, сістэмы падбору, падрыхтоўкі, расстаноўкі кадраў, усіх службаў унутрыведамаснага кантролю, уласнай бяспекі ў вас пад бокам сфарміравалася такая банда? Я запатрабаваў прынцыпова разабрацца ў межах крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага датычны", — заявіў Лукашэнка. Ён запатрабаваў, каб нанесены краіне ўрон быў кампенсаваны ў трохразовым — пяціразовым памеры.

5 красавіка КДБ заявіў аб распачынанні спраў у дачыненні да дзейных і былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні. "Удзельнікі злачыннай групы за хабары, парушаючы мытнае заканадаўства, ажыццяўлялі бесперашкодны пропуск буйных партый розных тавараў праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску "Каменны Лог". Сумы незаконнай грашовай узнагароды складалі ад 250 да 3.000 долараў ЗША ў залежнасці ад колькасці перамяшчаных грузаў", — гаварылася ў інфармацыі КДБ.

Паведамлялася, што адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячную ўзнагароду ў 1.000 долараў прыкрываў злачынную дзейнасць затрыманых, перадаючы ім звесткі аб праверачных мерапрыемствах, якія плануюцца Дзяржаўным мытным камітэтам.

Тады былі затрыманыя і заключаныя пад варту 19 чалавек. У дачыненні да іх КДБ распачаў пяць спраў па прыкметах складу злачынстваў, прадугледжаных ч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару) Крымінальнага кодэкса. Па месцы жыхарства фігурантаў былі канфіскаваныя наяўныя грашовыя сродкі больш чым на 2,2 млн долараў. На аб'екты нерухомасці і транспартныя сродкі асоб, якія праходзяць па крымінальных справах, накладзены арышт.

Паводле інфармацыі на сярэдзіну верасня 2015 года ўжо было затрымана каля 40 работнікаў ашмянскай мытні. У выніку фігурантамі крымінальнай справы сталі 58 чалавек.

29 снежня 2015 года былы начальнік мытні быў прыгавораны Мінскім абласным судом да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці, пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў, пазбаўленнем спецыяльнага звання дзяржаўнага саветніка мытнай службы 3-га рангу, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

1 сакавіка 2016 года Вярхоўны суд скараціў тэрмін зняволення да шасці гадоў.

На працэсе ў Мінскім абласным судзе прагучала інфармацыя, што з 2010 года па сакавік 2015 года мытнікі атрымалі ў якасці хабару не менш як 850 тыс. долараў і 19,2 тыс. еўра.

Ашмянская мытня 1 кастрычніка спыніць сваё існаванне, а зона яе адказнасці пяройдзе пад юрысдыкцыю Гродзенскай рэгіянальнай мытні.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239