Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/05/918692_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.03.2019 03:42
05.09.2017 16:18 Палітыка

Лукашэнка — Зюганаву: Вашы ідэі нам не чужыя, ідэя аб тым, што рынак нас выратуе, — поўная лухта

Мінск, 5 верасня. Аляксандр Лукашэнка 5 верасня прыняў старшыню фракцыі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі ў Дзяржаўнай думе Генадзя Зюганава, які знаходзіцца ў Мінску.

Кіраўнік дзяржавы вітаў лідара КПРФ "на тэрыторыі сацыяльнай дзяржавы з сацыялістычнай ідэалогіяй". "Думаю, вам гэта блізка. Для мяне таксама", — падкрэсліў Лукашэнка. "Вашы ідэі нам не чужыя. Больш за тое, у адрозненне ад многіх постсавецкіх рэспублік мы спрабуем, і многае ў нас атрымліваецца з рэалізацыяй гэтых ідэй. Таму ідэя, што рынак нас выратуе, што капіталізм — гэта адзіная сістэма, якая можа сёння існаваць, — поўная лухта. Трэба проста працаваць і шанаваць людзей. Прыйдзе час, калі мы пашкадуем, што ўсё з мінулага перакрэслілі", — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

"Раней людзі на эйфарыі былі, думалі: ах, напэўна, вось калі гэта рынак, калі гэта той капіталізм, як у Еўропе, мы ўсе будзем жыць лепш няма куды. А атрымалася зусім наадварот", — дадаў Лукашэнка.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Расіяй, ён адзначыў: "Мы стараемся трымацца, але цяжкавата без вас".

Зюганаў пагадзіўся з тым, што сёння краіны не могуць паўнавартасна развівацца ў адзіночку. "Мы жывем ва ўмовах крызісу, новых санкцый, такіх выклікаў, якія патрабуюць аб`яднання нашых намаганняў, згуртаванасці, умацавання дружбы, эканамічных сувязяў", — цытуе лідара КПРФ дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў Зюганава, ён у свой час дасылаў у Беларусь спецыялістаў для вывучэння вопыту па развіцці АПК, камунальнай гаспадаркі, машынабудаўнічай сферы, і многія напрацоўкі беларусаў знайшлі ўвасабленне на расійскіх прадпрыемствах, у тым ліку ў саўгасе імя Леніна, які лідар КПРФ назваў "зонай сацыяльнага аптымізму, адной з паспяховых гаспадарак у Расіі. Лідар КРПФ запрасіў Лукашэнку наведаць гэты саўгас.

Ён таксама закрануў тэму трансляцыі расійскіх каналаў у Беларусі. "Я звярнуў увагу, вы ўсё паказваеце. Хоць часам папракаюць, вы абсалютна ўсё паказваеце", — сказаў Зюганаў.

Лукашэнка ў адказ заўважыў, што ў Беларусі прытрымліваюцца менавіта такой палітыкі. "Мы нічога не баімся, мы паказваем, як жыве наш "старэйшы брат", якія ідэі розныя групы людзей і партыі прапаведуюць", — падкрэсліў ён.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН