Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/05/918708_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:35
05.09.2017 17:37 Грамадства

Агульная злачыннасць у Беларусі зніжаецца, расце лік згвалтаванняў

Мінск, 5 верасня. Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, за першае паўгоддзе 2017 года агульны лік зарэгістраваных злачынстваў у краіне склаў 43.893, што на 7,5% менш, чым за аналагічны перыяд 2016 года. Паказчык злачыннасці на 100 тыс. насельніцтва склаў 462. Год таму — 500. Найбольшы ўзровень злачыннасці — 597 (мінус 4% у параўнанні з першым паўгоддзем 2016 года) зафіксаваны ў Мінскай вобласці, найменшы — 385 — у Брэсцкай вобласці.

У I паўгоддзі 2017 года ў краіне зарэгістравана 6,5 тыс. асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, удзельная вага якіх у агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў склала 14,8% (у I паўгоддзі 2016 года — 6,8 тыс. злачынстваў, або 14,3%).

З агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў забойства і замах на забойства — 166 (мінус 22,1%), наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання — 368 (мінус 6,6%).

Пры гэтым рэзка вырасла колькасць згвалтаванняў і замахаў на згвалтаванне — на 77%. Зарэгістравана 108 такіх выпадкаў.

У рэспубліцы ў I паўгоддзі 2017 года зарэгістравана 1.194 злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, што на 31,1% менш, чым у I паўгоддзі 2016 года, з іх адно злачынства — асабліва цяжкае.

У I паўгоддзі 2017 года папярэдняе расследаванне скончана па 31,2 тыс. злачынстваў, што склала 92,9% да ўзроўню I паўгоддзя 2016 года.

Па крымінальных справах, расследаванне па якіх скончана, у I паўгоддзі 2017 года выяўлена 24,4 тыс. асоб, якія ўчынілі злачынствы (на 6,4% менш, чым у I паўгоддзі 2016 года).

Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 22 тыс. чалавек, або 90,1% ад агульнай колькасці выяўленых асоб, якія ўчынілі злачынствы (у I паўгоддзі 2016 года — 23,4 тыс. чалавек, або 89,7%).

На 1 ліпеня 2017 года ў месцах пазбаўлення волі ўтрымлівалася 35 тыс. чалавек, што на 2,6% больш, чым на адпаведную дату 2016 года, у тым ліку ў папраўчых калоніях для дарослых — 28,6 тыс. чалавек (на 6,1% больш), выхаваўчай калоніі для непаўналетніх — 281 чалавек (на 5,2% больш), турмах — 547 чалавек (што адпавядае ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года), СІЗА — 5,6 тыс. чалавек (на 12,1% менш).

У краіне ў I паўгоддзі 2017 года органамі ўнутраных спраў зарэгістравана 1.815,3 тыс. адміністрацыйных правапарушэнняў, па якіх вынесеныя пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання (103,4% да ўзроўню I паўгоддзя 2016 года). За перавышэнне хуткасці руху вынесена 770,2 тыс. адміністрацыйных спагнанняў (у I паўгоддзі 2016 года — 589,5 тыс.), за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы — 139,3 тыс. (у I паўгоддзі 2016 года — 155,8 тыс.), за дробнае хуліганства — 46,2 тыс. (у I паўгоддзі 2016 года — 51,5 тыс.), за наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання — 18,7 тыс. (у I паўгоддзі 2016 года — 17,4 тыс.).

Сума накладзенага штрафу за адміністрацыйныя правапарушэнні ў I паўгоддзі 2017 года склала 62,1 млн рублёў супраць 61,7 млн рублёў у I паўгоддзі 2016 года.

Паводле аператыўных звестак упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў, у I паўгоддзі 2017 года ў рэспубліцы зарэгістравана 1.310 дарожна-транспартных здарэнняў, якія прывялі да гібелі або ранення людзей, што на 16,7% менш, чым у I паўгоддзі 2016 года.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН