Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/05/eu_eu_918606_918607/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:13
05.09.2017 10:50 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Новы пасол Швецыі пачала працаваць у Беларусі

Мінск, 5 верасня. Новы пасол Швецыі Крысціна Юханесан пачала працаваць у Беларусі. "Пасол прыехала, з панядзелка пачала працаваць. Заўтра будзе ўручаць даверчыя граматы", — паведамілі БелаПАН у пасольстве Швецыі.
Да прызначэння ў Мінск Юханесан працавала ў прадстаўніцтве Швецыі пры Еўрасаюзе ў Бруселі. Яшчэ раней яна працавала ў генеральным консульстве Швецыі ў Санкт-Пецярбургу і ў шведскім пасольстве ў Маскве.

У Беларусі Крысціна Юханесан змяніла Марціна Оберга, які працаваў на пасадзе часовага паверанага (з ліпеня 2013 года), а затым — пасла (з красавіка 2015 года). Ён стаў першым кіраўніком дыпмісіі, акрэдытаваным у Беларусі пасля скандалу паміж Мінскам і Стакгольмам у 2012 годзе.

Прычынай абвастрэння адносін паміж Беларуссю і Швецыяй стала акцыя супрацоўнікаў шведскай кампаніі Studio Total, якія 4 ліпеня 2012 года на лёгкаматорным самалёце на гранічна малой вышыні перасеклі дзяржаўную мяжу Беларусі з боку Літвы і скінулі на беларускую тэрыторыю больш за 800 плюшавых медзведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі.

Неўзабаве пасля гэтага беларускія ўлады адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, абвінаваціўшы яго ў дэструктыўнай дзейнасці. 30 жніўня 2012 года пасольства Швецыі ў Мінску было закрыта. У адказ шведскія ўлады адмовіліся прымаць у сябе новага пасла Беларусі і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. Пасля закрыцця дыппрадстаўніцтваў функцыі пасольства Швецыі ў Мінску выконвала пасольства Эстоніі, а беларускага пасольства ў Стакгольме — дыппрадстаўніцтва Латвіі.

Вясной 2013 года Беларусь задаволіла просьбу шведскага боку аб акрэдытацыі ў Мінску часовага паверанага.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН