Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/06/918800_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 19:58
06.09.2017 13:54 Эканоміка

За студзень—ліпень аб`ём грузавых перавозак па БЧ у зносінах з Калінінградскай вобласцю вырас на 13,4%

Мінск, 6 верасня. За студзень—ліпень 2017 года аб`ём грузавых перавозак па Беларускай чыгунцы ў зносінах з Калінінградскай вобласцю склаў 5,8 млн тон грузаў, або на 13,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2016 года, паведаміла прэс-служба БЧ.

Дэлегацыя Беларускай чыгункі возьме ўдзел у Балтыйскім транспартным форуме ў Калінінградзе 7—8 верасня, зазначыла прэс-служба. Сярод асноўных тэм форуму — транзітныя перавозкі ў Балтыйскім рэгіёне, канкурэнцыя на Балтыцы, развіццё транспартнай інфраструктуры і новыя праекты ў транспартнай сферы, узаемадзеянне партоў і чыгункі, шляхі павышэння эфектыўнасці перавозак, удасканаленне мытных працэдур у Балтыйскім рэгіёне і многія іншыя. "Беларуская чыгунка з`яўляецца найважнейшым сувязным звяном у забеспячэнні эканамічных сувязяў Калінінградскай вобласці з іншымі рэгіёнамі Расіі", — падкрэслілі ў БЧ.

На форуме беларуская дэлегацыя на чале з першым намеснікам начальніка БЧ Ігарам Шылавым азнаёміць удзельнікаў з транспартна-лагістычным патэнцыялам Беларускай чыгункі ў забеспячэнні грузавых перавозак на калінінградскім напрамку, з маркетынгавай стратэгіяй, развіццём узаемавыгаднага супрацоўніцтва з зацікаўленымі структурамі.

Плануецца правесці сустрэчы і перамовы з нагоды павелічэння перавозак грузаў у зносінах Беларусь — Калінінград, у тым ліку экспарту беларускіх будаўнічых грузаў у Калінінградскую вобласць.

Таксама дэлегацыя беларускай магістралі абмяркуе пытанні, звязаныя з правядзеннем у Мінску ў кастрычніку Беларускага транспартнага тыдня і ў лістападзе круглага стала ў Маскве.

Паводле інфармацыі БЧ, асноўны аб`ём перавозак грузаў у зносінах з Калінінградскай вобласцю — транзітныя перавозкі. За сем месяцаў 2017 года транзітам па БЧ перавезена 5,3 млн тон грузаў (на 14,7% больш). Асноўныя транзітныя грузы — нафта і нафтапрадукты, каменны вугаль, чорныя металы.

Асноўны транзітны грузапаток ў зносінах з Калінінградскай вобласцю і Літвой праходзіць праз памежны пераход "Гудагай/Кяна" (прыкладна 30% у агульным аб`ёме транзітных перавозак).

Адным з прыярытэтных напрамкаў БЧ, адзначае прэс-служба, з`яўляецца развіццё і мадэрнізацыя чыгуначнай інфраструктуры. Ідзе праца па павелічэнні працягласці электрыфікаваных участкаў беларускай часткі 9-га Агульнаеўрапейскага транспартнага калідора ў зносінах паміж краінамі Балтыйскага і Чарнаморскага рэгіёнаў, мадэрнізуюцца прылады пуці, электрычнай цэнтралізацыі і аўтаблакіроўкі, электразабеспячэння, укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі для стабільнасць выканання перавозак. БЧ завяршае работы па электрыфікацыі ўчастка Маладзечна — Гудагай — дзяржмяжа.

Для аператыўнага вырашэння лагістычных задач у Балтыйскім рэгіёне, прыцягнення дадатковых аб`ёмаў грузаперавозак, прасоўвання і ўзмацнення канкурэнтных пазіцый на знешніх рынках транспартных паслуг у Літве працуе прадстаўніцтва дзяржаўнага прадпрыемства "Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр" Беларускай чыгункі — ЗАТ "Белінтэртранс-Балтыка".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН