Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/06/918804_558962/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:23
06.09.2017 13:45 Грамадства

Актывіст прафсаюза РЭП і БСДП (Грамада) Аляксей Мілюкоў, які знаходзіцца ў горацкай калоніі, абвясціў галадоўку

Мінск, 6 верасня. Актывіст Аляксей Мілюкоў, які знаходзіцца ў папраўчай калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), абвясціў галадоўку, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org са спасылкай на бацьку зняволенага, бабруйскага блогера Алега Жалнова. Бацьку, у сваю чаргу, гэта стала вядома ад адваката, які 4 верасня наведаў падабароннага ў калоніі.

"Адваката на працягу некалькіх дзён не дапускалі да Аляксея, а калі нарэшце выдалі пропуск, супрацоўнікі калоніі сказалі, што сын адмовіўся сустракацца з ім, — расказаў Жалноў. — Аднак адвакат запатрабаваў, каб Аляксей асабіста сказаў яму пра гэта. Сустрэча ўсё ж адбылася, і сын расказаў, што ў калоніі яго правакуюць на агрэсію і прымяненне фізічнай сілы, некалькі разоў спрабавалі змясціць у камеру са зняволенымі з нізкім сацыяльным статусам, але ён адмовіўся. У знак пратэсту супраць такіх дзеянняў з боку калоніі ён быў вымушаны абвясціць галадоўку".

Паводле слоў Жалнова, яго сына неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар, пазбавілі перадач і спатканняў з роднымі, перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Усяго на асуджанага накладзена 16 спагнанняў, у тым ліку за тое, што ён не мае кашулі і галаўнога ўбору, якія яму былі абавязаныя выдаць у калоніі, але так і не выдалі.

Жалноў упэўнены, што яго сын нічога не парушае, націск на Аляксея з боку адміністрацыі калоніі ён звязвае са сваёй актыўнай палітычнай дзейнасцю. Блогер не выключае, што тэрмін сыну могуць павялічыць на падставе артыкула 411 Крымінальнага кодэкса, улічваючы, што на яго накладзена досыць спагнанняў за парушэнне ўмоў утрымання ў калоніі.

Аляксей Мілюкоў — член незалежнага прафсаюза РЭП і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). У ліпені 2014 года быў асуджаны судом Бабруйска і Бабруйскага раёна за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі і прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі і 50 млн недэнамінаваных рублёў штрафу. Актывіст сваёй віны не прызнаў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН