Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/07/918933_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 15:19
07.09.2017 14:24 Грамадства

У першым паўгоддзі ў Беларусі адзначалася зніжэнне колькасці асуджаных за асабліва цяжкія злачынствы

Мінск, 7 верасня. У Генеральнай пракуратуры Беларусі вывучана практыка прызначэння крымінальных пакаранняў у першым паўгоддзі 2017 года.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, за шэсць месяцаў судамі разгледжана 20.605 крымінальных спраў, з якіх дзяржаўнымі абвінаваўцамі падтрымана абвінавачванне па 17.895 справах (86,8%). Прыцягнута да крымінальнай адказнасці 21.326 асоб, што некалькі менш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года.

Адзначаецца зніжэнне колькасці асуджаных за асабліва цяжкія злачынствы на 13,5% і некаторы рост колькасці прыцягнутых да крымінальнай адказнасці за ўчыненне цяжкіх злачынстваў.

Пераважаюць у структуры судзімасці крадзяжы (26,9% ад агульнай колькасці асуджаных) і ухіленне бацькоў ад выхавання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (15,2%).

У параўнанні з першым паўгоддзем 2016 года скарацілася колькасць асуджаных за разбойны напад (на 28,9%), наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (на 18%), забойства (на 8,6%), учыненне злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў (на 16,9%).

Лік асуджаных за парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў і кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап'янення, таксама скараціўся адпаведна на 6% і 23,1.

Да вінаватых часцей стала прымяняцца пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ. Прызначэнне пакаранняў у выглядзе штрафу і арышту захавалася на адным узроўні. Намецілася тэндэнцыя да зніжэння ўзроўню асуджэння на абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і папраўчыя работы. Колькасць асуджаных да пазбаўлення волі і ўдзельная вага такіх асуджаных у агульнай структуры судзімасці знізілася на 3,8%.

Колькасць асуджаных непаўналетніх у першым паўгоддзі 2017 года зменшылася на 13,9%. Пераважна яны асуджаліся за крадзяжы і хуліганства.

Адзначана скарачэнне колькасці непаўналетніх, прыцягнутых за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, прэкурсораў і іх аналагаў.

У аналізаваным перыядзе па пратэстах пракурораў з прычыны мяккасці прызначанага пакарання перагледжаныя прысуды ў дачыненні да 210 асобаў. У дачыненні ж да 240 асоб суды задаволілі пратэсты пракурораў, у якіх абгрунтоўвалася неабходнасць змякчыць прызначанае пакаранне, вiд папраўчай установы або ўмовы адбыцця пакарання.

Падводзячы вынік даследавання, Генеральная пракуратура вызначыла прыярытэты ў строгім захаванні прынцыпу індывідуалізацыі крымінальнай адказнасці і пакарання, выключэнні фактаў прапановы дзяржаўнымі абвінаваўцамі як неапраўдана мяккіх мер пакарання асобам, якія ўчынілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, раней неаднаразова судзімым, так і залішне строгіх пакаранняў непаўналетнім і асобам, якія ўпершыню ўчынілі злачынства. У сувязі з гэтым дзяржаўныя абвінаваўцы арыентаваныя на забеспячэнне ўзважанай пазіцыі ў спрэчках, каб прапанаванае імі пакаранне па сваім выглядзе і памеры было справядлівым і сувымерным цяжару зробленага, цалкам улічвала характарыстыку асобы вінаватага і наяўнасць матывацыі да правапаслухмяных паводзін.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239