Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/07/918978_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.01.2020 15:23
07.09.2017 12:14 Грамадства

Распрацаваны праект указа прэзідэнта, які прадугледжвае магчымасць блакіроўкі сайтаў, паведамляе БАЖ

Мінск, 7 верасня. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі распрацавала праект указа прэзідэнта "Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы", які прадугледжвае магчымасць блакавання сайтаў, паведамляе прэс-служба РГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ). Гэта вынікае з адказу Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры прэзідэнце на зварот прэс-сакратара БАЖ Барыса Гарэцкага.

БАЖ прасіў ААЦ падаць звесткі пра падрыхтоўку законапраектаў у сферы рэгулявання выкарыстання інтэрнэту, накіраваных на засцярогу дзяцей ад дэструктыўнай інфармацыі.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, у адказе за подпісам намесніка начальніка ААЦ Генадзя Бялкова адзначаецца: 11 мая 2016 года прэзідэнтам быў падпісаны закон аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты, якія ў ліку іншага прадугледжваюць меры па абароне дзяцей ад інфармацыі, што распаўсюджваецца ў інтэрнэце і наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.

Намеснік начальніка ААЦ таксама паведамляе, што цяпер Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі распрацаваны праект указа прэзідэнта "Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы". Ён прадугледжвае парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю, забароненую альбо абмежаваную да распаўсюджвання заканадаўчымі актамі.

Іншай інфармацыяй аб заканадаўчых ініцыятывах, накіраваных на засцярогу дзяцей ад негатыўнай інфармацыі, ААЦ не валодае, паведаміў Бялкоў.

Прэс-служба БАЖ звярнулася ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з просьбай даць магчымасць азнаёміцца з тэкстам дакумента і даведацца, на якім этапе ўзгаднення ён знаходзіцца, аднак у ведамстве заявілі, што нічога не ведаюць пра падрыхтоўку такога ўказа.

Каб праясніць сітуацыю, БАЖ рыхтуе афіцыйны зварот у міністэрства з просьбай даць магчымасць азнаёміцца з праектам распрацаванага ўказа.

Варта адзначыць, што з 2015 года ў Беларусі дзейнічае абноўлены закон аб СМІ, які прыраўнаваў інтэрнэт-рэсурсы да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама даў дзяржаўным органам магчымасць прымаць рашэнні аб блакаванні сайтаў, якія размяшчаюць інфармацыю, што прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць, утрымлівае заклікі да вайны, а таксама іншую інфармацыю, "якая наносіць шкоду інтарэсам дзяржавы".

Яшчэ да ўваходжання закона ў сілу, у канцы снежня 2014 года, у Беларусі былі блакаваныя сайты шэрагу недзяржаўных СМІ. Ніхто з дзяржструктур так і не ўзяў на сябе адказнасць за блакаванне сайтаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН