Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/07/919106_225588/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 02:49
07.09.2017 18:44 Эканоміка

"МАЗ" упершыню за сем гадоў перамог у конкурсе "Найлепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расіі"

Мінск, 7 верасня. Мінскі аўтазавод стаў пераможцам штогадовага конкурсу "Найлепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расіі". У намінацыі "Перспектыва года" першае месца прысуджанае новаму цягачу "МАЗ 5440М9" апошняга класа Еўра-6, паведамілі ў ААТ "Мінскі аўтамабільны завод".

У цягача "МАЗ 5440М9" новы экстэр'ер і рухавік Mercedes-Benz OM471 на 475 конскіх сіл. Ён можа везці аўтапоезд масай 44 тоны. Сярод пераваг высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі і нізкі расход паліва. Акрамя таго, аўтамабіль адпавядае апошнім патрабаванням да электронных сістэм пасіўнай бяспекі.

Грузавікі класа Еўра-6 распрацоўвалі для рынку Еўрасаюза, аднак з прыцэлам і на расійскіх перавозчыкаў, якія ажыццяўляюць рэйсы ў еўрапейскія краіны. У Расіі яшчэ не вызначаныя патрабаванні да аўтамабіляў класа Еўра-6, а на МАЗе ўжо рыхтуюцца да серыйнай вытворчасці.

Мінскі аўтазавод удзельнічае ў выставе Comtrans-2017, якая праходзіць у Маскве з 4 па 9 верасня. На ёй прэзентаваныя больш за 200 кампаній з 18 краін.

Конкурс "Найлепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расіі" праводзіцца з 2001 года. На прызавыя месцы прэтэндуюць вядучыя сусветныя вытворцы грузавікоў, аўтобусаў і фургонаў. Журы конкурсу складаецца з журналістаў спецыялізаваных СМІ, якія не звязаныя з вытворцамі аўтамабіляў, дыстрыб'ютарамі і дылерамі.

Апошні раз МАЗ атрымліваў падобную ўзнагароду ў 2010 годзе. Тады цягач "МАЗ 5440А9" стаў пераможцам конкурсу ў намінацыі "Грузавік года".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН