Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/08/919176_919177/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:02
08.09.2017 11:49 Грамадства

У дачыненні да дырэктара цырка-шапіто, які абваліўся ў Заслаўі, распачата крымінальная справа

Мінск, 8 верасня. Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці распачата крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара цырка-шапіто "Сірыус", які не забяспечыў належнае аказанне паслуг у выглядзе канцэртнай дзейнасці.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланог, вечарам 7 верасня перад пачаткам цыркавога паказу ў Заслаўі пры рассаджванні гледачоў абваліліся канструкцыі глядацкай трыбуны. У выніку траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі шэсць чалавек, двое з якіх непаўналетнія. Яны былі дастаўлены ў бальніцы для аказання медыцынскай дапамогі. На гэты момант шпіталізаваны адзін чалавек.

Следствам праведзены агляд месца здарэння, да якога прыцягваліся крыміналістычная лабараторыя СК, следчыя абласнога ўпраўлення па Мінскай вобласці, спецыялісты МНС, эксперты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці.

Дзеянні дырэктара цырка кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 338 КК (аказанне паслуг, якое не адпавядае патрабаванням бяспекі).

Дапытваюцца сведкі, відавочцы, пацярпелыя, работнікі цырка і службовыя асобы. Следствам запатрабавана ўся дакументацыя па вырабе і эксплуатацыі цыркавога абсталявання, глядацкіх трыбун, а таксама тая, што рэгламентуе тэхніку бяспекі па аказанні гэтага віду дзейнасці. Дырэктар цырка не затрымліваўся.

Як паведамлялася раней, пацярпела шэсць чалавек — двое дзяцей і чацвёра дарослых. Сярод іх цяжарная жанчына, яе даставілі ў другі радзільны дом Мінска. У Мінскую абласную бальніцу трапілі пяць чалавек. Ва ўсіх пацярпелых траўмы рознай ступені цяжкасці — удары і пераломы.

Пасля агляду васьмігадовую дзяўчынку і 12-гадовага хлопчыка адпусцілі дадому. Двое дарослых таксама адмовіліся ад шпіталізацыі. Паводле інфармацыі МНС, згодна з дадзенымі на раніцу 8 верасня ў бальніцы застаецца 62-гадовая пенсіянерка і будучая мама.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН