Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/08/919220_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 10:39
08.09.2017 13:37 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка абмеркаваў з Тапузідзісам рэалізацыю праекта комплекснага гандлёвага абслугоўвання на сяле

Мінск, 8 верасня. Аляксандр Лукашэнка 8 верасня правёў рабочую сустрэчу са старшынёй савета дырэктараў ТАА "Тытунь-інвест" Паўлам Тапузідзісам, на якой абмяркоўвалася рэалізацыя праекта па комплексным гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, якое пражывае ў сельскай мясцовасці і невялікіх населеных пунктах.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні ў інтэрнэце азнаёміўся з інфармацыяй на некаторых рэсурсах "з пахам жаўцізны". "Прачытаў, што там за некалькі гадоў назапасілася пра Лукашэнку, і, рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, падумаў пра тое, што калі б гэтыя жоўтыя пісакі ведалі, як я напружваю бедных бізнесменаў, так яны, напэўна, напалову менш пісалі б паскудства", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"У мяне няма звычкі для сябе асабіста нешта прасіць. Ні адзін бізнесмен пра гэта не скажа", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў важнасць рэалізацыі праекта ў сферы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, асабліва сельскага. Пры гэтым ён канстатаваў, што часам складваецца несправядлівая сітуацыя, калі на вёсцы тавары ў крамах, у тым ліку прадукты харчавання, рэалізуюцца па цэнах вышэйшых, чым у горадзе.

"Не скажу, што нам патрэбная замена белкаапсаюзаўскаму гандлю, — патрэбная канкурэнцыя, каб мы бачылі рэальную карціну. І вось тады я папрасіў, каб ты спланаваў у адным з раёнаў Беларусі такую сетку абслугоўвання. І ты мне адназначна заявіў, што гэта будзе па цэнах ніжэйшых, чым існуючыя. Гэта мяне падкупляе", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў выпадку паспяховай рэалізацыі запланаванага ў адным з раёнаў аналагічную схему можна будзе ў наступным выкарыстаць па ўсёй краіне. "У раённым цэнтры павінен быць прыстойны гандлёвы цэнтр, які будзе размеркавальным цэнтрам па ўсім раёне. У аграгарадках павінны быць паменш крамы, але прыстойныя. Там павінны людзі купіць усё, што іх цікавіць. Гэта значыць тавар, які ёсць у Мінску, ён павінен быць даступны для нашых вяскоўцаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Трэці ўзровень — вялікія вёскі, якія былі калісьці цэнтрамі калгасаў, саўгасаў, — яны застануцца. Там ёсць крамы, іх трэба прывесці ў парадак. Або пабудаваць просценькую крамку".

Чацвёрты ўзровень — невялікія вёскі, якія было прынята называць неперспектыўнымі. Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што цяпер актыўна заклікае бізнесменаў прыняць удзел у адраджэнні і навядзенні парадку ў гэтых населеных пунктах, асабліва тых, адкуль яны самі родам. "Гэта ж усё-такі нечая радзіма. І мне ўжо кажуць, што каля тысячы такіх бізнесменаў, якія хочуць адрадзіць сваё радавое гняздо. У адваротным выпадку вёска загіне. Але там пакуль жывуць людзі. Іх трэба, мабыць, абслугоўваць праз аўтакрамы", — адзначыў Лукашэнка.

Ён упэўнены, што бізнес на вёсцы можа паспяхова развівацца, і не толькі гандаль, але і аказанне ў комплексе розных дадатковых паслуг. "Але на паверхні ляжыць гандлёвае абслугоўванне. Вось гэты блок пытанняў я хачу не проста абмеркаваць, а хацеў бы, каб ты годна рэалізаваў без усялякіх празмернасцяў. Таму што ты як прыватнік свае грошы проста марнаваць не будзеш і не павінен, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мяне цікавіць, каб ты вельмі эканамічна, прытым аптымальна, стварыў у адным з раёнаў такую сетку, якая і табой, і іншымі гандлёвымі аператарамі будзе рэалізоўвацца па ўсёй краіне".

Лукашэнка таксама прапанаваў абмеркаваць падрыхтоўку пакета дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу і падтрымцы ў Беларусі прадпрымальніцтва, бо Павел Тапузідзіс быў непасрэдна залучаны ў гэтую працу.

У сваю чаргу бізнесмен адзначыў, што сацыяльная адказнасць бізнесу на сённяшні дзень вельмі важная. "Сапраўды, людзі павінны адраджаць свае вёскі. Мы ўсе з вёскі. Я нарадзіўся ў глухой вёсцы ў гарах Грузіі. Вы абсалютна слушна кажаце: мы абавязаныя давезці да вёскі тое, што ёсць у горадзе. І пры гэтым мы не павінны замяняць адну сетку іншай. Бо Белкаапсаюз — гэта сёння развітая структура на вёсцы", — сказаў Тапузідзіс.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН