Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/11/919511_919512/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:09
11.09.2017 13:40 Эканоміка

На індыйска-беларускім бізнес-форуме ў Нью-Дэлі заключана 10 пагадненняў і мемарандумаў

Мінск, 11 верасня. На індыйска-беларускім бізнес-форуме 11 верасня ў Нью-Дэлі (Індыя) падпісана 10 розных пагадненняў і мемарандумаў, паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

Так, заключана генеральнае пагадненне аб стратэгічным партнёрстве паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і кампаніяй Hetero Labs Limited; трохбаковае пагадненне аб асноўных умовах паміж Міністэрствам аховы здароўя, кампаніяй "Гларынкор" і кампаніяй Biocon Limited; трохбаковае пагадненне аб асноўных умовах паміж Міністэрствам аховы здароўя, "Гларынкор" і кампаніяй Cadila Healthcare Limited.

Падпісаны таксама мемарандум аб узаемаразуменні паміж агенцтвам "Інвест Індыя" і Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі. Акрамя таго, заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж індыйскай Асацыяцыяй тураператараў і Рэспубліканскім саюзам турыстычнай індустрыі.

Пагадненне аб інфармацыйным супрацоўніцтве і каардынацыі заключана паміж Рэспубліканскім саюзам турыстычнай індустрыі і кампаніяй Salvia Promoters Private Limited.

Мемарандум аб развіцці сумеснага прадпрыемства Gomselmash India Private Limited падпісаны паміж ААТ "Гомсельмаш" і кампаніяй DVR Infratech Private Ltd. Таксама ААТ "Гомсельмаш" заключыла кантракт з Gomselmash India Private Limited на пастаўку сельгастэхнікі.

Акрамя таго, заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ААТ "БелАЗ" і кампаніяй M/s BGR Mining & Infra Ltd. (BGR MIL).

Мемарандум аб узаемаразуменні з індыйскім партнёрам падпісала кампанія "Аэрамаш".

Прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў і ведамстваў працягваюць двухбаковыя перамовы ў Нью-Дэлі. Чакаецца, што па выніках дня пакет перспектыўных дамоўленасцяў і канкрэтных пагадненняў значна папоўніцца, адзначыла прэс-служба.

Як заявіў на форуме намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, урад краіны будзе падтрымліваць развіццё сумесных з Індыяй бізнес-праектаў. Ён адзначыў, што галоўнымі фактарамі прывабнасці з'яўляюцца навукаёмістасць беларускай эканомікі, выгадныя ўмовы вядзення бізнесу, геаграфічныя перавагі, магчымасць прасоўвання прадукцыі і паслуг на агульны рынак краін ЕАЭС.

Сямашка падкрэсліў, што аб'ём двухбаковага тавараабароту, які па выніках 2016 года склаў каля 400 млн долараў, значна ніжэйшы за патэнцыял Беларусі і Індыі. "Наша краіна адкрыла сваю эканоміку для замежных інвестараў і прыватызацыі, радыкальна спрошчаны працэдуры рэгістрацыі і вядзення бізнесу. Мы гатовыя да выкарыстання самых сучасных форм інвеставання: ад стварэння замежных сумесных прадпрыемстваў да канцэсійных пагадненняў", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Ён прапанаваў ствараць сумесныя прадпрыемствы ў Індыі ў тых галінах, у якіх Беларусь мае прызнаны вопыт вытворчасці, тэхналогіі і ноу-хау. "Урад Беларусі гарантуе аказанне ўсялякага садзейнічання наваствораным і дзейным прадпрыемствам у Індыі", — падкрэсліў Сямашка.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў Індыі ўжо створаны сэрвісны цэнтр па абслугоўванні самазвалаў БелАЗ. Паводле яго слоў, Беларусь таксама прапаноўвае індыйскаму рынку лінейку грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў МАЗ. Заяўлена пра гатоўнасць ствараць сумеснае прадпрыемства па вытворчасці гэтых машын і іх сэрвісным абслугоўванні.

Намеснік кіраўніка ўрада бачыць перспектывы і для развіцця ўзаемадзеяння ў сельгасмашынабудаванні, паставак адпаведнай беларускай прадукцыі ў Індыю. "Добры эканамічны эфект дасць сумесная вытворчасць прадукцыі "МАЗ" — ад міні-трактароў да энерганасычаных, якія камплектуюцца любым навясным абсталяваннем. Будзе падпісаны кантракт аб сумеснай вытворчасці трактарнай тэхнікі. Больш за тое, у гэтым годзе падпісаны кантракт і створана СП па вытворчасці збожжа- і кормаўборачных камбайнаў. Першыя доследныя ўзоры ў канцы кастрычніка паступяць на ваш рынак для правядзення выпрабаванняў. У наступным годзе мы мяркуем пастаўку для серыйнай вытворчасці", — сказаў Сямашка.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што беларускія вытворцы прапаноўваюць сваім партнёрам лінейку машын для поўнага тэхналагічнага цыкла ў сельгасвытворчасці.

"Запрашаем індыйскі бізнес інвеставаць у Беларусі. Прыярытэтныя праекты атрымліваюць беспрэцэдэнтныя льготы. Адзін з галоўных прыярытэтаў для нас — гэта фармацэўтыка, бія- і нанатэхналогіі. Гэта рынкі, якія растуць", — заявіў віцэ-прэм'ер.

Сямашка дадаў, што Беларусь гатовая кожны праект суправаджаць спецыяльнымі праграмамі падрыхтоўкі кадраў як у Беларусі, так і ў Індыі.

Індыйска-беларускі форум праходзіць у рамках афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю 11—12 верасня.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН