Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/12/919663_447859/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 09:05
12.09.2017 11:17 Грамадства, Палітыка

Міліцыя не знайшла складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія транслявалі ў эфіры тэлефонныя перамовы Севярынца з Дашкевічам

Мінск, 12 верасня. Міліцыя не знайшла прыкмет складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія транслявалі ў эфіры тэлефонныя перамовы сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца з лідарам не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі "Малады фронт" Зміцерам Дашкевічам. Такі адказ Севярынец атрымаў з УУС Першамайскага раёна Мінска, паведамляе прэс-служба аргкамітэта БХД.

Севярынец накіраваў у пракуратуру Першамайскага раёна Мінска і раённы аддзел Следчага камітэта заявы ў сувязі з распаўсюджваннем Белтэлерадыёкампаніяй звестак пра яго, якія адносяцца да асабістай таямніцы, у пачатку жніўня. Гаворка ідзе пра паказаны ў сакавіку па дзяржаўных тэлеканалах фільм "Званок сябру", які расказвае, з пункта гледжання ананімных аўтараў, пра ролю апазіцыі ў арганізацыі вулічных акцый супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 "аб дармаедах".

У заявах палітык адзначыў, што аўтарамі фільма былі распаўсюджаныя звесткі аб яго тэлефоннай размове з Дашкевічам, пры гэтым Белтэлерадыёкампаніяй "не былі прынятыя меры супраць магчымай ідэнтыфікацыі Севярынца староннімі людзьмі, а наадварот, у эфіры было размешчанае фота з подпісам". Севярынец лічыць, што гэтыя дзеянні з'яўляюцца незаконнымі, парушаюць заканадаўства аб СМІ і Канстытуцыю, якая абвяшчае права кожнага на ахову ад супрацьпраўнага ўмяшання ў асабістае жыццё, у тым ліку ад ўмяшання ў таямніцу карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў.

У сувязі з гэтым палітык прасіў пракуратуру і СК правесці праверку ў дачыненні да супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, усталяваць вінаватых асоб і ў выпадку выяўлення ў іх дзеяннях складу злачынства распачаць крымінальную справу.

У адказе з міліцыі сказана, што, згодна з растлумачэннямі супрацоўніка Белтэлерадыёкампаніі, аўтары сюжэта "не ставілі перад сабой на мэце якое-небудзь наўмыснае скажэнне інфармацыі або парушэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян". "Работнікі Белтэлерадыёкампаніі не ажыццяўлялі самастойна мер для атрымання названай інфармацыі (запісы тэлефоннай размовы), перададзенай ім ананімнай крыніцай, якая не назвала ніякіх сваіх асабістых звестак", — адзначаецца ў лісце.

Каментуючы адказ, Севярынец адзначыў, што яму "сорамна за людзей у пагонах". "Дарагія мае, дзе ж ваша юрыдычная адукацыя? Гэта ж не гульня ў напарсткі, а падсудная справа. Калі ўсё законна, давайце разам, усёй краінай, паслухаем, пра што там Лукашэнкі з Вакульчыкам (старшыня КДБ. — БелаПАН.) па тэлефоне гавораць", — цытуе палітыка прэс-служба БХД.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН