Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/13/919821_114785/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:31
13.09.2017 09:17 Эканоміка, Фінансы

Стаўка рэфінансавання зніжаная сёмы раз з пачатку года і складае 11,5% гадавых

Мінск, 13 верасня. Рашэннем праўлення Нацыянальнага банка 13 верасня стаўка рэфінансавання зніжаная з 12 да 11,5% гадавых, а стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў — з 14 да 13% гадавых.

Як тлумачыць прэс-служба Нацбанка, фактычная інфляцыя працягвае змяншацца. У жніўні 2017 года ў гадавым вымярэнні прырост спажывецкіх цэн склаў крыху менш за 6%, базавая інфляцыя — прыблізна 5%.

Знаходжанне на працягу доўгага часу тэмпаў прыросту спажывецкіх цэнаў у вузкім дыяпазоне (6,0—6,5%) адлюстроўвае ўстойлівасць працэсаў запаволення інфляцыі і досыць высокую верагоднасць яе захавання на гэтым узроўні ў найбліжэйшыя месяцы.

Пры гэтым, паводле ацэнак Нацбанка, значных рызык для паскарэння росту цэн з боку манетарных фактараў, а таксама плацежнага балансу і валютнага рынку ў сярэднетэрміновай перспектыве не прасочваецца.

Тэмпы росту грашовай прапановы застаюцца ўмеранымі (прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў ліпені 2017 года ў гадавым вымярэнні склаў 7,8%) і адпавядаюць попыту эканомікі на грошы на фоне аднаўлення дзелавой актыўнасці (валавы ўнутраны прадукт за студзень—ліпень 2017 года вырас на 1,1%).

Паляпшэнне сальда знешняга гандлю (за студзень—чэрвень 2017 года склалася на ўзроўні 0,4 млрд долараў ЗША) і збалансаванасці плацежнага балансу спрыяе захаванню на валютным рынку чыстай прапановы замежнай валюты і падтрыманню стабільнасці абменнага курсу беларускага рубля.

У цэлым, як чакаецца, паводле вынікаў 2017 года прырост спажывецкіх цэн не перавысіць 7%. Магчымасці далейшага паступальнага зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы будуць вызначацца верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, якія стрымліваюць дасягненне сярэднетэрміновай мэты па інфляцыі (не больш за 5% у 2020 годзе), адзначаюць у Нацбанку.

Гэта ўжо сёмае зніжэнне стаўкі рэфінансавання з пачатку 2017 года, калі яна складала 17% гадавых.

Першапачаткова афіцыйны гадавы прагноз Нацбанка прадугледжваў, што стаўка рэфінансавання на працягу года знізіцца да 14%.

Летась Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання чатыры разы: з 25% у пачатку года да 18% у жніўні.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН