Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/09/13/919858_445896/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:31
13.09.2017 13:33 Эканоміка

Ва ўрадзе падпісаны дагавор аб сумеснай дзейнасці паміж ААТ "МАЗ" і кітайскай Weichai

Мінск, 13 верасня. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 13 верасня ў Мінску сустрэўся з губернатарам кітайскай правінцыі Шаньдун Гун Чжэнам. Паводле вынікаў перамоў падпісаны дагавор аб сумеснай дзейнасці паміж ААТ "МАЗ" і кітайскай кампаніяй Weichai, паведаміла прэс-служба ўрада.

Прэм'ер-міністр прывітаў рашэнне кітайскай кампаніі Weichai стаць рэзідэнтам беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Weichai разам з МАЗам пабудуе ў парку завод па выпуску рухавікоў.

"Праект кампаніі з'яўляецца сапраўды высокатэхналагічным, што адпавядае профілю індустрыяльнага парку. Бо ён ствараецца менавіта для развіцця вытворчасцяў і інавацый, а не проста для гандлю, — падкрэсліў Кабякоў. — Паколькі губернатар Шаньдуна асабіста працуе над прыцягненнем у кітайскую правінцыю сусветных лідараў у галіне інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі і інтэлектуальнай вытворчасці, беларускі бок быў бы ўдзячны за прыцягненне гэтых кампаній да ўдзелу ў праектах у "Вялікім камені".

Як паведамляў БелаПАН, Мінскі аўтазавод і кітайская Weichai Power пачынаюць будаваць у парку "Вялікі камень" завод па выпуску рухавікоў для грузавікоў, спецмашын і аўтобусаў. Уладальнікам завода выступіць сумеснае прадпрыемства ТАА "МАЗ-Вейчай", створанае Мінскім аўтазаводам і Weichai Power. Годам раней падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве, які прадугледжвае арганізацыю вытворчасці дызельных рухавікоў у Беларусі.

Завод пабудуюць на тэрыторыі 2,5 гектара. Сумеснае прадпрыемства стане рэзідэнтам індустрыяльнага парку і атрымае прадугледжаныя льготы і прэферэнцыі. Як чакаецца, першая прадукцыя на заводзе з'явіцца ў 2019 годзе. СП плануе забяспечыць патрэбы беларускіх вытворцаў у рухавіках і выйсці на рынкі краін СНД і далёкага замежжа.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН